Вязень-антыфашыст Ілля Валавік мае праблемы са здароўем
Вядомы менскі антыфашыст Ілля Валавік, які ў дадзены момант знаходзіцца ў турме ў Магілёве, мае праблемы са здароўем. Гэта стала вядома сваякам. Валавіка турбуюць камяні ў нырках, але адміністрацыя калоніі, відаць па ўсім, не прадпрымае актыўных захадаў, каб вылечыць зняволенага. Пэўны час Валавік прабыў у шпіталі. Пра дыягназ Іллі Валавіка гаворыць яго паплечнік Вячаслаў Касінераў:
— Каля года ведаем, што ў яго пачаліся абвастрэнні з ныркамі, але да гэтага ў яго дакладна ніякіх праблем не было. Магчыма гэта звязана з нейкім харчаваннем, ці з тым, што так кепская вада. Невядома. Ужо каля года ў яго праблем аз ныркамі і ад сваякоў мы даведаліся, што ў выніку абследавання яму паставілі востры панкрэатыт. Адзін з гэтых камянёў выйшаў, маці панесла яго да доктара і ёй там сказалі, што гэта аксалат, ён вельмі хутка расце і знішчае нырку.
Ілля Валавік быў асуджаны на 10 гадоў па так званай “справе антыфашыстаў”. Многія актывісты лічаць, што Ілля адбывае пакаранне з-за сваёй актыўнай грамадскай пазіцыі. У апошні час з’явілася інфармацыя, што да Іллі не даходзяць звычайныя лісты. Таму сваякі і сябры заклікаюць дасылаць Валавіку замоўныя лісты.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя