“Стары Ольса” прэзентаваў новы альбом у Берасці
У Берасці з прэзентацыяй новага альбома выступіў гурт сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса”. Нягледзячы на раптоўную змену пляцоўкі напярэдадні канцэрту з-за фінансавых пытанняў, мерапрыемства выдалася шматлюдным.
Кажа лютніст калектыву Ілля Кульбіцкі:
– Новы альбом называецца “Вада, хмель і солад”. Гэта альбом карчомных песень, якія чалавек будзе слухаць і пераносіцца ў карчму. З гэтым альбомам мы паспелі пабываць у ЗША, была прэзентацыя ў Менску, у Гомелі, у Гародні.
Выступ музыкаў суправаджаўся танцамі, зладзіць якія дапамагалі прадстаўнікі мясцовых рэканструктарскіх клубаў. “Адныя з самых цёплых прыёмаў у нас заўжды ў Берасці”, – зазначылі музыкі.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.