Дэпутат Еўрапарламента: Літоўскія калегі ў пытанні Беларускай АЭС перагінаюць палку



У дачыненні да Беларускай АЭС літоўскія калегі перагінаюць палку — такое меркаванне выказаў у інтэрв’ю БелаПАН дэпутат Еўрапарламента ад Латвіі, віцэ-старшыня дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю Андрэйс Мамікінс.

Яны Астравецкую АЭС выкарыстоўваюць кожны раз у якасці перадвыбарнага кроку ва ўнутранай літоўскай палітыцы. Да атамнай бяспекі гэта мае малое дачыненне, — сказаў еўрадэпутат. — У літоўцаў так цікава выбарчыя цыклы зробленыя, што кожны год нейкія выбары праходзяць — муніцыпальныя, парламенцкія, прэзідэнцкія. І яны пра шкоду беларускай АЭС будуць казаць аж да сканчэння веку„.

Мамікінс падкрэсліў, што аналагічную АЭС цяпер будуюць у Фінляндыі. „Будуюць дакладна гэткую ж АЭС, з дакладна гэткім жа рэактарам. Справаздачы экспертаў МАГАТЭ — што ў Фінляндыі, што ў Астраўцы — аднолькавыя, як пад капірку напісаныя. Місіі наведваюць аднолькавыя. У Беларусі іх нават больш было, таму што, улічваючы нейкую заклапочанасць літоўцаў, беларускі бок больш дэлегацый прымае на гэтым аб’екце. Ездзілі ўсе, хто хоча. Чаму мы не пратэстуем супраць Фінляндыі і такая істэрыка адносна Беларусі?” — пацікавіўся латвійскі парламентарый.

Мамікінс не бачыць прычын для турботы з-за будаўніцтва АЭС у Беларусі. „Ёсць тэхналогіі, ёсць МАГАТЭ, я бачу адкрытасць беларускіх калег з нагоды інспекцый”, — сказаў ён.

Паводле слоў еўрадэпутата, любыя абмеркаванні Беларусі ў Еўрапарламенце і іншых структурах ЕС „у нейкі момант сканчаюцца тым, што літоўцы ўздымаюць тэму АЭС, і ўсе скочваюцца да гэтага пытання”. „Цяжка падтрымліваць размову, калі людзі не хочуць пачуць іншы бок”, — заўважыў віцэ-старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю.

Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гарадзенская вобласць), на мяжы з Літвой, за кошт крэдыту Расеі. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га.

Літва — самы актыўны праціўнік будаўніцтва БелАЭС. Палітыкі, чыноўнікі, спецыялісты і прадстаўнікі грамадскасці гэтай краіны неаднаразова крытыкавалі Беларусь за непразрысты выбар пляцоўкі для будаўніцтва гэтага аб’екта і заяўлялі пра тое, што выбраны праект не адпавядае сучасным патрабаванням бяспекі.  БелаПАН