Віцэ-прэм’ер Польшчы прапануе ўвесці на выбарах «сямейнае галасаванне»
Гэта азначае, што падчас выбараў палякі галасавалі б ня толькі за сябе, але й за непаўналетніх дзяцей.
Віцэ-прэм’ер, міністр навукі й вышэйшай адукацыі Польшчы Яраслаў Говін прапануе ўвесці гэтак званае «сямейнае галасаваньне». Гэта азначае, што падчас выбараў палякі галасавалі б ня толькі за сябе, але й за непаўналетніх дзяцей. Такім чынам, калі сям’я складаецца з двух бацькоў і двух непаўналетніх дзяцей, то агулам у выбарах яны маглі б аддаць чатыры галасы.
«Дзеці – гэта будучыня Польшчы. Палякі, якія выхоўваюць дзяцей, думаюць не толькі пра сябе, але й пра Польшчу, і таму маюць права прымаць рашэнні пра лёс краіны ў імя будучыні сваіх дзяцей», – сказаў палітык. Пры гэтым Говін падкрэсліў, што прапанаванае ім вырашэнне магло б быць у новай Канстытуцыі, пра прыняццё якой даўно гаворыць кіруючая кансерватыўна-каталіцкая партыя «Права й справядлівасць» (ПіС).
Дзеючая польская Канстытуцыя аднак не прадбачыць такой магчымасці, каб бацькі галасавалі за непаўналетніх дзяцей, а для змены асноўнага закону ПіС не мае канстытуцыйнай большасці ў парламенце.
Частка польскіх аглядальнікаў і СМІ назвала ідэю Яраслава Говіна «курʼёзнай прапановай», падкрэсліваючы, што падобнае вырашэнне не існуе анідзе ў свеце.