Ва Украіне адзначылі Дзень свабоды і годнасці (абноўлена)
На Народнае веча ў цэнтры Кіева сабралося каля 7 тысяч чалавек. Менавіта такія мерапрыемствы адбываліся кожны тыдзень падчас супрацьстаяння на Еўрамайдане, які пачаўся роўна год таму.
Ва ўкраінскай сталіцы знаходзіцца наш карэспандэнт Вольга Чарных:
– Сабралося некалькі тысяч людзей, якія прыйшлі пасля працы, каб ушанаваць загінулых на Майдане. Пасля Народнага веча мусіць адбыцца ўрачысты канцэрт, а таксама дабрачынны збор сродкаў на патрэбы вайскоўцаў, якія ваююць на ўсходзе Украіны. Сённяшні дзень не апошні, мерапрыемствы будуць адбывацца цягам усяго тыдня і скончацца 30-га лістапада, у дзень калі пасля збіцця студэнтаў у цэнтры Кіева пачаўся масавы пратэст.
Народнае Веча ў Кіеве патрабуе скасавання Менскіх дамоўленасцяў, якія былі дасягнуты паміж афіцыйным Кіевам і сепаратыстамі. Сярод удзельнікаў мерапрыемства заўважныя беларусы з бел-чырвона-белымі сцягамі.
[Not a valid template]
Фота pravda.com.ua
* * *
Трэба зрабіць усё, каб Украіна больш не перажывала Майданаў, мяркуе ўкраінскі палітолаг Яраслаў Чарназуб. У гадавіну Еўрамайдана многія грамадскія дзеячы, якія стаялі каля вытокаў леташніх украінскіх пратэстаў, кажуць, што асноўная задача пратэстаў перазагрузка сістэмы ўлады гэтак і не адбылася.
Пратэстная традыцыя ўкраінцаў здольная змяняць жыццё ў краіне, але не вырашае асноўных задачаў, якія стаяць перад жыхарамі краіны ў штодзённым жыцці, мяркуе Яраслаў Чарназуб:
– Яна сумленная, адкрытая, шчырая, але мы бачым, якія наступствы, калі такія наступствы, то адпаведна нельга ўжываць такія інструменты. Грамадзянская супольнасць цяпер павінна змабілізавацца і прыдумаць такі інструмент, які б не дазволіў стварыць такое, што зараз робіцца ва Украіне – абсалютнае бязмежжа міліцыі, пракуратуры, падатковай. Такога ў часы Януковіча ніхто не памятае.
Сёння Украіна адзначае першую гадавіну пачатку Еўрамайдана, які пачаўся пасля адмовы падпісаць дамову аб асацыяцыі Украіны з ЕЗ. Сёння ў Кіеве ды іншых гарадах ушаноўваюць памяць ахвяраў супрацьстаяння і вайны на ўсходзе.
* * *
Украінцы адзначаюць сёння першую гадавіну Еўрамайдана. Пратэсты ў Кіеве ды іншых гарадах Украіны прывялі да змены ўлады і ваеннага супрацьстаяння з Расеяй, якая анэксавала Крым.
„Падзеі ў паўднёвай суседцы значна паўплывалі і на Беларусь. І гэты ўплыў адчуваецца перадусім у грамадскіх настроях беларусаў”, – упэўнены беларускі палітолаг Алесь Лагвінец:
– Вырас попыт на спакой, на стабільнасць, на мір у Беларусі. Людзі пабачылі, што сітуацыя можа вельмі імкліва памяняцца і ранейшае мірнае жыццё ператворыцца ў супрацьстаянне, канфлікт. Можна сказаць, што памяняліся таксама паводзіны як улады, так і дэмакратычных сілаў адносна таго, як яны бачаць сітуацыю ў краіне, як яны будуюць сваю ўласную стратэгію.
Пасля ўкраінскіх падзей, у Беларусі ўвялі больш жорсткія змены ў Закон аб ваенным становішчы, а таксама ў Крымінальны кодэкс Беларусі, дзе ўзмацнілі адказнасць за захоп будынкаў. У сваю чаргу незалежныя сацыялагічныя даследванні паказваюць, што за апошні год колькасць прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі ўзрасла і цяпер складае 42,5%.
* * *
Дзень свабоды і годнасці адзначае Украіна ў першую гадавіну пачатку Еўрамадана. Мірныя пратэсты ў канцы лістапада пачалі арганізоўваць не толькі ў Кіеве і на захадзе Украіны. 22-га лістапада першыя пратэсты супраць адмовы ад еўраінтэграцыі адбыліся і на ўсходзе Ўкраіны.
Грамадскі актывіст і праваабаронца з Луганска Канстанцін Рэўцкі адзначае, што ня гледзячы на крывавыя наступствы, Еўрамайдан меў вялікае значэнне для ўсіх украінцаў:
– Калі б не было Еўрамайдана, то мы б зараз жылі ў такой самай сітуацыі як і расейцы, ні мелі б ужо напэўна ніякіх грамадзянскіх свабодаў. Я думаю, што ўсё гэта было не дарэмна. Я жадаю беларусам быць грамадска свядомымі, не быць абыякавымі, бо абыякавасць сапраўды забівае. Абыякавасць большасці людзей на ўсходзе прывяла да таго, што такая сітуацыя стала магчымай.
Ахвярамі супрацьстаяння цягам трох месяцаў у Кіеве ды іншых гарадах Украіны сталі больш за сотню чалавек. Пасля перамогі Еўрамайдана, Расея пачала акупацыю Крыма і развязала вайну на Данбасе, ахвярамі вайны сталі ўжо амаль 4 тысячы ўкраінскіх вайскоўцаў і мірных жыхароў.
* * *
Гадавіну Еўрамайдана адзначаюць ва Украіне. Мерапрыемствы з гэтай нагоды пачаліся ў Кіеве яшчэ аб 11-ай гадзіне раніцы. Ва ўкраінскай сталіцы за падзеямі сочыць наш карэспандэнт Вольга Чарных:
На вуліцы Грушэўскага, на вуліцы Банкавай, на Майдане Незалежнасці, ва ўсіх месцах, дзе адбываліся трагічныя падзеі, збіраюцца людзі. Пакуль што людзей не шмат, каля некалькіх соцень, змяняюць адзін аднаго, але пад вечар у цэнтры Кіева мае сабрацца досыць вялікая колькасць людзей, якія хочуць адзначыць гадавіну трагічных падзеяў. Сёння адбудуцца і памятныя мерапрыемствы, дзе прыгадаюць загінулых на Майдане, а ўвечары адбудзецца канцэрт. Я даведалася, што на некалькіх прадпрыемствах, а таксама ў дзяржаўных установах, школах ды інстытутах сёння мае быць святочны дзень. Каб людзі маглі прыйсці на Майдан і ўшанаваць памяць загінулых, прыгадаць падзеі, якія адбываліся летась.
* * *
Год таму на Майдане незалежнасці гучала толькі адно патрабаванне – падпісаць дамову аб асацыяцыі Украіны з Еўразвязам, і ўжо па ходзе пратэстаў з’явіліся іншыя патрабаванні. Некаторыя з іх не выкананыя і сёння, як кажа адзін з першых удзельнікаў Еўрамайдану, палітолаг Аляксандр Салантай:
– Улада пачала рэпрэсаваць, збіваць людзей, разганяць мітынгі. Таму трэба пакараць вінаватых – тых, хто расстрэльваў, забіваў людзей на Майдане. І на дадзены момант гэта не выканана. Як і не выкананы сістэмныя рэформы. Але з другога боку, у нас атрымалася змяніць Канстытуцыю, спыніць узурпацыю, правесці перавыбары прэзідэнта і Вярхоўнай Рады. Але застаецца багата задач Еўрамайдана, якія пакуль не выкананы, пачынаючы з прыпынення татальнай карупцыі і продажу пасад ды заканчваючы глыбокімі рэформамі, каб наша краіна стала еўрапейскай. Таму ў нас яшчэ шмат працы. І мы кажам, што Еўрарэвалюцыя і Еўрамайдан яшчэ трывае.
У самой Украіне сёння не запланавана шырокіх урачыстасцяў на дзяржаўным узроўні, некаторыя грамадскія актывісты заклікаюць у гэты дзень наведаць Майдан, каб ушанаваць памяць актывістаў, якія загінулі ў выніку трохмесячнага супрацьстаяння ва ўкраінскай сталіцы.
* * *
21 лістапада – гадавіна Еўрамайдану ў Кіеве, але людзі прыходзяць на плошчу штодзень.
Моляцца за мір у краіне і за тых, хто загінуў за незалежнасць Украіны. Збіраюць грошы ўкраінскім вайскоўцам, якія зараз ваююць на Данбасе. Нясуць кветкі і ўспамінаюць падзеі, што адбыліся год таму. На Народным вечы абмяркоўваюць праблемы, якія зараз паўсталі перад людзьмі.
“Майдан жыве ў нашых сэрцах, – кажуць людзі на плошчы. – Гэта не выкрасліць з гісторыі, гэта назаўжды застанецца ў душы…”
[Not a valid template]
Фота Кастуся Заблоцкага
* * *
Сёння спаўняецца роўна год, як у Кіеве на Майдане незалежнасці распачаўся маштабны пратэст украінцаў, які ва ўсім свеце стаў вядомы як «Еўрамайдан». Масавыя выступы супраць палітыкі тагачаснага прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча працягваліся ўсю зіму 2013-2014 гадоў.
Сілавое супрацьстаянне з падкантрольным Януковічу “Беркутам” прывяло да шматлікіх ахвяраў. У выніку Януковіч і ягоны кабінет былі адхілены ад улады, а сам прэзідэнт і ягоныя блізкія паплечнікі збеглі за мяжу.
Сёння ў Кіеве адзначаюць першую гадавіну «Еўрамайдану» і ўзгадваюць усіх тых, хто загінуў, а таксама жывых, хто дапамог змяніць ход гісторыі Украіны.
Аднак, у выніку падзеяў, якія мелі свой пачатак год таму на кіеўскім Майдане незалежнасці, Украіна страціла Крым, на Данбасе надалей вядзецца антытэрарыстычная аперацыя, вялікая частка рэгёну надалей знаходзіцца пад кантролем прарасейскіх сепаратыстаў.
[youtube id=”xZUzfzTLD4U”]
Кастусь Заблоцкі/Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя