Пра фанатаў касманаўтыкі



Вам баракамера трэба? Мне асабіста, напрыклад, не. Што з яе зробіш? У кватэры не паставіш. На лецішчы замест цяпліцы не выкарыстаеш. Як карціну калекцыянерам не прадасі. Аднак знайшоўся хтосьці ў Маскве, хто скраў баракамеру, у якой праходзілі трэніроўкі касманаўтаў. А цяпер уявіце. Калі там праходзілі трэніроўкі касманаўтаў, то гэтая баракамера мусіць быць не самага малога памеру. Нават калі яна разлічана на аднаго чалавека. А ўлічваючы, што звычайна баракамеры зробленыя з металу, то і не самай лёгкай вагі. Скралі баракамеру з адкрытай аўтастаянкі. А цяпер пытанне: няўжо нікога не здзівіла, як нехта забірае гэтую баракамеру і кудысьці яе ўвозіць. Баракамера – гэта не гаманец. У кішэню яе незаўважна не пакладзеш. А ўлічваючы, што баракамеру пасля рэстаўрацыі мусілі аддаць у музей, то гэта быў яшчэ і музейны экспанат. Значыцца, увага да яе мусіла быць яшчэ большай. Аднак яна знікла, нібыта іголка ў стозе сена.

Неяк у Гомелі быў выпадак, калі нейкія разумнікі вырашылі скрасці біяпрыбіральню. Яе пагрузілі на трактар і павезлі сабе на лецішча. Аднак злачынцам не пашанцавала: акурат у момант крадзяжу ў біяпрыбіральні знаходзіўся чалавек. Дзякуючы яму скрадзеную прыбіральню і знайшлі. Шкада, што ў скрадзенай баракамеры не знаходзіўся які касманаўт. А тое б глядзіш, і скрадзеную музейную рэч, у якой, як гавораць, сам Гагарын трэніраваўся, таксама б ужо знайшлі.

І ўсё ж такі ў гэтай гісторыі здзіўляе: для чаго камусьці спатрэбілася баракамера? Гэта ж не біяпрыбіральня. На лецішчы яе не паставіш.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ