Пратэсты ў Ерэване
17 красавіка ў сталіцы Арменіі тысячы актывістаў, якія выступаюць супраць падаўжэння ўлады былога прэзідэнта Сержа Саргсяна на пасадзе прэм’ер-міністра, зноў пачалі перакрываць вуліцы, тым самым паралізуючы рух, паведамляе «Радыё Азатутюн».
Некаторыя грамадзяне пакідалі свае аўтамабілі на сярэдзіне вуліцы на падставе таго, што ў іх адбылася паломка. Актывісты і прыхільнікі апазіцыйнага руху для перакрыцця вуліцаў таксама выкарыстоўвалі лаўкі, смеццевыя бакі і іншыя прадметы.
Сёння раніцай на плошчы Францыі ў Ерэване намеснік кіраўніка паліцыі Ерэвана Валерый Асіпян даў апазіцыйнаму дэпутату, лідару ініцыятывы «Мой крок» Ніколу Пашыняну пісьмовае паведамленне, што ў святле падзей 16 красавіка, кіруючыся законам «Аб свабодзе сходаў», паліцыя прыняла пастанову аб спыненні дэманстрацый.
Пашынян, аднак, не чытаючы дакумента, дэманстратыўна разарваў яго, заявіўшы: «У Арменіі пачалося татальнае непадпарадкаванне».
Пасля мітынгу на плошчы Францыі ў Ерэване, на якім Нікол Пашынян заявіў пра «рэвалюцыйную сітуацыю» ў краіне і абвясціў пра пачатак «народнай негвалтоўнай аксамітнай рэвалюцыі», дэманстранты рушылі ў бок урадавых будынкаў з мэтай акружыць іх.
Дэманстранты акружылі будынак Генпракуратуры, Цэнтральнага банка, Касацыйнага суда, Камітэта дзярждаходаў, новы корпус ўрада, дзе знаходзяцца некалькі міністэрстваў, у тым ліку Міністэрства замежных спраў і Міністэрства юстыцыі.
17 красавіка было затрымана не менш за 30 пратэстоўцаў. За чатыры дні пратэсту пацярпела ўжо 46 чалавек (у ліку пацярпелых і сам Пашыньян).
Напярэдадні апазіцыйны дэпутат заклікаў прадоўжыць акцыю грамадзянскага непадпарадкавання 17 красавіка, каб не дазволіць абрання былога прэзідэнта Сержа Саргсяна прэм’ер-міністрам.
Сярод іншага, Пашынян заклікаў «заблакаваць усе ўваходы ў Нацыянальны сход».
Галасаванне ў пытанні абрання Сержа Саргсяна прэм’ер-міністрам павінна прайсці ў армянскім парламенце 17 красавіка.
Фота: Reuters