„Турысты зробяць” Берасце больш беларускім?
За першыя тры месяцы бягучага года турысцка-рэкрэацыйную зону “Берасце” наведалі 1454 “бязвізавых” турыстаў. Гэта замежнікі з 26-ці краін свету: найперш з краін-суседак, але таксама з Вялікабрытаніі, ЗША, Італіі, Францыі, Гішпаніі, Мексікі, Канады ды іншых. Пра гэта піша “Вячэрні Брэст”.
Вельмі важна паказваць турыстам Берасце як менавіта беларускі горад.
Як адзначыў раней у інтэрв’ю для нашага радыё журналіст Максім Хлябец, у візуальным абліччы горада беларускай мовы пабольшала:
– Калі казаць пра рэкламу і г. д., то безумоўна стала болей. З’явіліся беларускамоўныя сувенірныя крамы, і гэта таксама адчуваецца. Беларускую мову прасцей зразумець палякам і ўкраінцам, калі размаўляць з імі па-беларуску, то прасцей паразумецца ды патлумачыць, бо мовы падобныя. Мне падаецца, што дзякуючы турыстам, беларускага стане яшчэ больш.
У абласным цэнтры замежнікам прапануюць стандартны турыстычны пакет, то бок аглядную экскурсію па Берасці і наведванне “Берасцейскай крэпасці”. Многіх гасцей цікавіць таксама Белавежская пушча. Бязвізавы рух у турысцка-рэкрэацыйнай зоне “Берасце” пачаў дзейнічаць з першага студзеня бягучага году, ён ахоплівае абласны цэнтр, Берасцейскі, Жабінкаўскі, Камянецкі і Пружанскі раёны, а таксама Свіслацкі раён Гарадзенскай вобласці.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя