Знялі абмежаванні з аднаго з вытворцаў і ўвялі ў дачыненні да іншага
Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) зняла абмежаванні з аднаго з беларускіх вытворцаў малочнай прадукцыі і ўвяла ў дачыненні да іншага.
Як паведамляе прэс-служба расейскага ведамства, з 8 па 15 красавіка спецыялістамі Рассельгаснагляду была праведзена інспекцыя беларускіх прадпрыемстваў — вытворцаў прадукцыі жывёльнага паходжання, якія пастаўляюць або жадаюць пастаўляць сваю прадукцыю на расійскі рынак. Асноўная ўвага надавалася выкананню гэтымі прадпрыемствамі ветэрынарна-санітарных патрабаванняў заканадаўства Еўразійскага эканамічнага саюза.
„Аналізуючы папярэднія вынікі праверкі, Рассельгаснагляд палічыў магчымым з 16 красавіка адмяніць часовыя абмежаванні на пастаўкі прадукцыі з прадпрыемства ТАА „Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання” (прадукцыя, вырабленая пачынаючы з 16 красавіка), а таксама з 17 красавіка ўвесці часовыя абмежаванні на ўвоз у Расійскую Федэрацыю прадукцыі з прадпрыемства ТАА „Малочныя горкі”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Прычынай такіх мер у дачыненні да ААТ „Малочныя горкі”, паведамляе Рассельгаснагляд, стала выкарыстанне прадпрыемствам для ўласнай вытворчасці прадукцыі іншых прадпрыемстваў, у тым ліку тых, якім забаронены пастаўкі на тэрыторыю Расеі.
Служба працягне аналіз матэрыялаў, атрыманых падчас візіту расейскіх экспертаў у Беларусь, заяўляе Рассельгаснагляд.