МУС РФ прапанавала даваць беларусам расейскае грамадзянства без экзамену
Міністэрства ўнутраных спраў Расейскай Федэрацыі выступіла з ініцыятывай вызваліць грамадзян Беларусі і Украіны ад праходжання камісіі на веданне расейскай мовы пры прыёме ў расейскае грамадзянства. Пра гэта 17 красавіка на пасяджэнні Савета пры прэзідэнце РФ па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека заявіла кіраўнік галоўнага ўпраўлення па пытаннях міграцыі МУС РФ Вольга Кірылава.
„Нарадзілася прапанова вызваліць грамадзян Украіны і Беларусі ад праходжання камісіі на пацвярджэнне ведання расейскай мовы. Лічым, што гэта ініцыятыва (у нас яна ўжо аформлена ў выглядзе законапраекта) <…> будзе рухацца”, — цытуе расейскую чыноўніцу ТАСС.
Кірылава таксама выказалася за вяртанне практыкі выдачы віду на жыхарства на працяглы тэрмін. „У старыя часы від на жыхарства быў дакументам, з якім можна было пражыць усё жыццё. Цяпер мы выдаем від на жыхарства на пяць гадоў і без права працягу. Мы лічым, што павінны выдаваць на пяць гадоў і з такой колькасцю, якая трэба, а, можа быць, з пэўнага ўзросту зрабіць і бестэрміновым”, — адзначыла яна.