Кава са смакам авантуры



Тры выходных дні запар з аднаго боку даюць шанец перарабіць шмат спраў (пераважна асабіста-непрацоўных!), а з іншага – здорава расслабляюць. Пайсці працаваць ў сераду?

Выйсці на працу будзе цяжка… Хіба ўзбадзёрыць сябе падвойнай моцнай кавай? Ёсць яшчэ адзін варыянт – папрацаваць барыстам. Варыш каву дзень пры дні – бадзёрасць табе забяспечана! І людзі – розныя-цікавыя! – побач. Стаць барыстам аматару кавы – справа адна. Вывучаць і практыкаваць гэта рамяство, калі ты перамяшчаешся на інвалідным вазку, – засім іншая.

Саша Аўдзевіч з Ліды стаў вядомай асобай, калі з’ездзіў на ручным байку да Балтыйскага мора. Яшчэ больш добрага піяру хлопцу дадалі 4000 км па Еўропе (зноўку ж – на ручным байку). Без вялікіх грошай, затое з агромністым жаданнем падарожнічаць… І сябрамі ды выпадковымі знаёмымі, што віталі і дапамагалі падчас еўрапейскага “турнэ”. Паміж падарожжамі Аўдзевіч ажыццявіў яшчэ парачку пазітыўных праектаў у родным горадзе і зрабіў дасяжнымі для чалавека на інвалідным вазку пару аб’ектаў інфраструктуры, раней недасяжных (пляж на мясцовым возеры, напрыклад!)

І вось у працэсе новы праект – “Інклюзіўны барыста”. Чаму вазочнік павінен быць прафесіяналам-інтравертам заўжды і паўсюль? Варта даць жадаючым (і тым, хто мае сілы для гэтага!) шанец на больш “экстравертыўную” працу. Барыста… Чаму не? І вось ужо маем чарговы еўрапейскі грант і дваццаць чалавек, што вывучаюць УСЁ пра каву ды стажыруюцца ў лідскіх кавярнях. У прыватнасці, спрабуюць гэта рабіць… А днямі хлопцы і дзяўчаты далучыліся да акцыі “Адзін дзень ратуе жыццё” – і папрацавалі адзін дзень бясплатна, каб трохі дапамагчы фінансава хвораму хлопчыку-земляку Арцёму Шульвінскаму, які больш года лекуецца ад анкалогіі ў Іспаніі.

Быць барыстам для кагосьці – праца мары… А камусьці яна дапамагае зрабіць хоць невялічкі крок у кірунку да сваёй мары. І гэта моцна бадзёрыць раніцай новага дня.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ