Міжнародныя прафсаюзы заклікалі адмяніць дэкрэт аб „дармаедах”



Міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі заклікалі беларускі ўрад адмяніць дэкрэт № 1 „Аб садзеянні занятасці насельніцтва” і адмовіцца ад сістэмы кароткатэрміновых працоўных кантрактаў, што выкарыстоўваецца паўсюдна, заявіў на прэс-канферэнцыі 18 красавіка ў Мінску памочнік генеральнага сакратара глабальнага прафсаюза IndustriALL Кемаль Азкан.

Сумесная дэлегацыя прафсаюза IndustriALL і Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў наведвае Беларусь 18—19 красавіка. У першы дзень візіту прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый правялі перамовы з чыноўнікамі Міністэрства замежных спраў і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. На другі дзень запланаваная сустрэча з кіраўніцтвам незалежных прафесійных аб’яднанняў Беларусі, якія ўваходзяць у склад міжнародных прафарганізацый.

„Мы з задавальненнем адзначылі той факт, што дэкрэт № 3″ Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” не быў рэалізаваны, — сказаў Азкан. — Але ён быў заменены дэкрэтам № 1″ Аб садзеянні занятасці насельніцтва”, логіка якога засталася ранейшай: на плечы працоўных ускладаецца дадатковая нагрузка”.

„Я хацеў бы звязаць гэты дэкрэт з паўсюднай практыкай прымянення працоўных кантрактаў, якія носяць фіксаваны часовы характар. Мы разглядаем гэта як працаўладкаванне няўстойлівай формы і выступаем супраць такой сістэмы па ўсім свеце. Калі краіна жадае забяспечыць устойлівае развіццё свайго грамадства, эканомікі і дэмакратыі, людзі павінны мець магчымасць заключаць працоўныя кантракты, якія б забяспечвалі гарантаваную занятасць”, — падкрэсліў Азкан.

Ён заявіў, што міжнародныя прафарганізацыі бачаць сур’ёзныя супярэчнасці ў тым, што, „з аднаго боку, урад прапануе працоўным часовыя кантракты, з-за якіх працаўладкаванне носіць няўстойлівы характар, а з другога боку, калі людзі становяцца беспрацоўнымі, з іх бяруцца нейкія дадатковыя сродкі”.

„Мы патрабуем, каб урад адмяніў ці не рэалізоўваўдэкрэт № 1 і вярнуўя да пастаяннай формы занятасці, адмовіўшыся ад шырокага прымянення кароткатэрміновых працоўных кантрактаў”, — сказаў памочнік генеральнага сакратара IndustriALL.

Прадстаўнікі міжнароднага прафсаюзнага руху чакаюць ад кіраўніцтва краіны „неадкладных дзеянняў”, у тым ліку па рэалізацыі рэкамендацый, якія былі дадзеныя Камісіяй МАП па расследаваннях яшчэ ў 2004 годзе. Частка гэтых рэкамендацый тычыцца „фундаментальных правоў і свабод і функцыянавання прафесійных арганізацый”.

„У чэрвені ў Жэневе пройдзе Міжнародная канферэнцыя працы. Таму мы палічылі, што было б справядліва сустрэцца з прадстаўнікамі ўрада Беларусі і заклікаць іх выправіць сітуацыю да гэтай канферэнцыі”, — адзначыў Азкан.

Пасля пратэстаў, якія пракаціліся па краіне ў лютым—сакавіку 2017 года супраць дэкрэта прэзідэнта ад 2 красавіка 2015 года № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” (так званы дэкрэт аб дармаедах), дакумент быў адкарэктаваны, але не адменены. 25 студзеня 2018 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 „Аб садзеянні занятасці насельніцтва”. У яго развіццё ўрад 30 сакавіка прыняў дзве пастановы: № 239 „Аб зацвярджэнні палажэння аб парадку аднясення працаздольных грамадзян да незанятых у эканоміцы, фарміравання і вядзення базы дадзеных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, уключаючы ўзаемадзеянне з гэтымі мэтамі дзяржаўных органаў і арганізацый”, а таксама № 240 „аб зацвярджэнні прыкладнага палажэння аб пастаянна дзейнай камісіі па каардынацыі работы па садзеянні занятасці насельніцтва”.

У поўнай меры дэкрэт запрацуе 1 студзеня 2019 года.

belapan.by