Гатычны бярозавік
“Люблю я могілкі з каплічкай”, – пісаў Янка Купала ў пачатку ХХ стагоддзя ў вершы “Сельскія могілкі”. У пачатку ХХІ стагоддзя некаторыя беларусы так палюбілі могілкі з каплічкай, што вырашылі збіраць там бярозавік.
У Баранавічах – прыгарадзе Слуцка – нейкі прадпрымальны грамадзянін паставіў бутэлькі для збору соку проста на могілках. Інтэрнэт-карыстальніца Ганна Багдашыч апублікавала на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Укантакце адпаведныя фотаздымкі. На іх бачна, што сок збіраюць не з аднаго дрэва, а мінімум з пяці. Калі ўлічыць, што з аднаго дрэва за дзень можна сабраць прыкладна літр соку, то аб’ёмы сабранага магільнага напою ўражваюць. А з іншага боку, як той казаў, усе там будзем. Чаму б не збіраць сок на могілках. І магілы памерлых родзічаў паралельна можна прыбіраць. Затое сок можа атрымацца гатычны. Альбо магічны. Усё залежыць ад таго, хто будзе піць такі сок. Можна цэлую лінейку сокаў арганізаваць з могілак: сок гатычны – для падлеткаў, магічны – для аматараў фэнтэзі, пад назвай “усе там будзем” – для людзей сталага ўзросту.
Затое сок, які збіраецца на могілках, не скрадуць. Па-першае, многім забабоны перашкодзяць. А па-другое, калі не ўлічваць Радаўніцу, то не так многа людзей бадзяецца сярод магілаў. Як гаварылі раней старыя, не памерлых, а жывых трэба баяцца. У лесе бярозавік могуць і зліць. А тут яго, можна сказаць, ахоўваюць проста з таго свету.