Андрэй Бастунец пераабраны старшынём ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў”



Вынікі працы Х з’езда грамадскага аб’яднання „Беларускай асацыяцыі журналістаў” падводзіць журналіст Радыё Рацыя Якуб Сушчынскі:

– Х з’езд грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» завяршыўся. Старшынём БАЖу пры адзінагалосным галасаванні дэлегатаў з’езду быў пераабраны Андрэй Бастунец. Два намеснікі, Святлана Калінкіна і Міхась Янчук, па сваім уласным жаданні пакінулі гэтыя пасады, і таму адбылося галасаванне за кандыдатуры 4-х намеснікаў старшыні арганізацыі. Імі сталі: Аляксандр Старыкевіч, Аліна Суравец (у мінулым яны былі намеснікамі), новымі намеснікамі сталі Алег Агееў і Барыс Гарэцкі.

Апрача выбараў кіраўніцтва была прынятая стратэгія Беларускай асацыяцыі журналістаў ажно да 2021 года.

Была таксама прынятая заява дэлегатаў з’езду пра асуджэнне сур’ёзных зменаў у заканадаўстве аб сродках масавай інфармацыі.

Прапанова па зменах у Кодэкс журналісцкай этыкі БАЖ не была прынятая. Супраць гэтых зменаў прагаласавала большасць.

[Not a valid template]

* * *

Новаўвядзенні ў закон аб СМІ, справаздачы пра дзейнасць ды абранне новага кіраўніцтва – гэта галоўныя тэмы дзясятага з’езду Беларускай асацыяцыі журналістаў, што праходзіць у Менску. З падрабязнасцямі наш журналіст Якуб Сушчынскі:

– Гэты з’езд з’яўляецца юбілейным, як сказаў Андрэй Бастунец, вонкавыя змены і перамены ў заканадаўчай базе ў дачыненні да журналісцкай супольнасці могуць толькі аб’яднаць журналістаў. Усім вядома, што асаблівую ўвагу дэлегаты з’езда звернуць на прынятыя ў першым чытанні праўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі. Павінна быць прынятая пастанова дзясятага з’езда грамадскага аб’яднання, у якой відавочна таксама прагучаць словы і рэакцыі з боку супольнасці журналістаў гэтага грамадскага аб’яднання. На з’ездзе прагучыць справаздача рады грамадскага аб’яднання, хутчэй за ўсё частка кіраўніцтва арганізацыі будзе заменена. Таксама пасля прыняцця дакументаў адбудуцца выбары новага кіраўніцтва. На самым пачатку мерапрыемства кіраўнік арганізацыі Андрэй Бастунец папрасіў уставаннем узгадаць журналістаў, якія заўчасна адышлі ў іншы свет.

– Гэта юбілейны з’езд, на якім прысутнічае 75 дэлегатаў з усіх куткоў Беларусі. Сёння грамадскае аб’яднанне БАЖ прадстаўляе журналістыку, стаіць перад цяжкім фактам таго, што ў першым чытанні беларускім парламентам прынятыя папраўкі да закана аб сродках масавай інфармацыі, якія фактычна ствараюць пагрозу для існавання журналісцкай супольнасці. Пра гэта казалі выступоўцы падчас форуму. Былі таксама меркаванні ўдзельнікаў з’езду адносна таго, што не ўсе дзяржаўныя ўстановы адкрытыя для супрацы з журналісцкай супольнасцю. У якасці такіх антылідараў былі названыя: Міністэрства інфармацыі, КДБ і Міністэрства ўнутраных спраў, а таксама Міністэрства аховы здароўя. У лепшым святле быў прадстаўлены Вярхоўны суд, прэс-служба якога паспяхова супрацоўнічае з журналістамі. Пад асаблівай апекай знаходзяцца журналісты-фрылансеры. Гучалі словы ў падтрымку фрылансераў.

Беларускае Радыё Рацыя