Тэксты, якія пісаліся 22 гады



Нарэшце выстава “Лісты палітвязняў: ад 1996 году да нашых дзён” у сваёй першай версіі зробленая і пачынае вандраваць па гарадах. Тэксты, якія пісаліся цягам 22 гадоў. Тэксты, якія мала вядомыя. Тэксты, схаваныя ад вачэй. Выстава складаецца з 11 стэндаў, на якіх – лісты палітычных вязняў з-за кратаў, лісты ў падтрымку палітвязняў, а таксама матэрыялы бюлеценя Праваабарончага цэнтру “Вясна” – “Права на Волю”, архіўныя фотаздымкі.

 Выстава рабілася пры дапамозе палітвязняў, іх сем’яў, сяброў, незалежных журналістаў і праваабаронцаў.   

Ліставанне праз краты ўтрымлівае факты, падзеі, эмоцыі, мары і пажаданні, нягледзчы на перашкоды турэмнай цэнзуры, З 1996 года, па звестках праваабарончых арганізацыяў, праз крымінальны пераслед за палітычныя перакананні ў Беларусі зняволенне трапілі больш за 200 чалавек.

Лісты для палітзняволеных – былі, ёсць і будуць сувяззю з вольным светам. А ліставанне з палітвязнямі – праява салідарнасці і негвалтоўнага грамадскага супраціву.  

Выстава “Лісты палітвязняў: ад 1996 году да нашых дзён” яшчэ раз нагадвае пра тое, што ідэалагічнае выкарыстанне дзяржавай гісторыі і распаўсюд уяўленняў пра мінулае ў грамадстве застаюцца вострай праблемай.  

У такой сітуацыі вельмі важна арганізаваць сістэматычны збор і актуалізацыю альтэрнатыўных поглядаў на гісторыю грамадзянскай супольнасці, у тым ліку станоўчы дэмакратычны вопыт, якім з’яўляецца перапіска з палітвязнямі.

Выстава “Лісты палітвязняў: ад 1996 году да нашых дзён” – гэта пачатак працы, якая будзе працягвацца.

Выстава падрыхтаваная “Цэнтрам даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі”.

 

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ