Лэйбл „БМА-group” спыніў выданне дыскаў
Лэйбл „БМА-group” спыніў выданне дыскаў пасля 15 гадоў дзейнасці. Кіраўнік лэйбла Віталь Супрановіч адзначае, што дыскі страцілі сваю актуальнасць і людзі пампуюць музыку праз інтэрнэт. Тым не меньш, у такім фармаце як раней, „БМА-group” больш існаваць не можа:
– Напэўна гэта ўжо не будзе як дзейнасць „БМА”, гэта будзе ўжо ў нейкай іншай форме. Мы апошнім часам, калі дыскі сталі губляць сваю папулярнасць, мы працавалі сумесна з кампаніяй „Энігма”, якая мае шмат кропак у Беларусі. Мы з імі аб’ядноўваліся, некаторыя нашыя дыскі рабіліся з імі: „Akute”, Таццяна Беланогая. Ужо і гэтая фірма не выдае дыскі, нават калі гурт хоча, каб выйшаў яго дыск і мае грошы на гэты наклад, максімум, што яму зробяць – гэта растыражуюць дыскі, але не будуць выступаць выдаўцамі і прадаўцамі дыска.
За 15 гадоў „БМА-group” выдаў 154 дыскі. Таксама лэйбл разам з партнёрамі выпусціў яшчэ шэраг дыскаў. Апошнім CD, які выйшаў пад шыльдай лэйблу, стаў альбом „Белая вада” гурта „Крама” – гурта з якога і пачалася падтрымка праз „БМА-group” беларускай музыкі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя