Атрута і трутні



На гэтым тыдні беларусы ўспомняць чарговыя змрочныя ўгодкі з дня страшнай даты найноўшай гісторыі – 26 красавіка 1986 года адбылася Чарнобыльская катастрофа. Колькі чалавечых жыццяў забраў так званы “мірны савецкі атам” – нават прыблізна ніхто не ведае. Тысячы, дзясяткі тысяч, соткі тысяч?! Як замоўчвалася камуністычным кіраўніцтвам спярша сама аварыя і яе імклівыя страшныя наступствы, так хаваецца праўда і пра доўгатэрміновае шкоднае, а для многіх і смяротнае, уздзеянне радыяцыі. Паколькі апошнія дваццаць гадоў дзяржаўная сістэма РБ працавала так, што праўду не належала ведаць у прынцыпе, то зараз сапраўдныя маштабы наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, мяркую, невядомыя ўжо нікому. Калі доўга падманваць самых сябе, праўда ўцякае далёка.

Чарнобыль – далёка не адзіная экалагічная бяда беларусаў. Салігорск, Менск, Наваполацк, Гародня – усе гэтыя гарады з-за шкодных прадпрыемстваў пакутуюць на неспрыяльнае асяроддзе, на забруджанае паветра. Якое сапраўднае экалагічнае становішча ў пералічаных населеных пунктах – таксама не ведае ніхто. Альбо ведаюць адзінкавыя службовыя асобы, якія ніколі не скажуць людзям праўды. Замест укаранення новых ачышчальных тэхналогій, урад зараз размяшчае ў гарадах Беларусі новыя шкодныя вытворчасці, якія іншыя краіны імкнуцца вынесці за свае межы. Зараз на чарзе Светлагорск і Берасце. У Светлагорску, які і так мае шмат праблемаў, апошнім часам смурод ад цэлюлозна-кардоннага камбінату. Мясцовыя жыхары спрабуюць пратэставаць супраць завода беленай цэлюлозы, пабудаванага кітайцамі на базе ранейшага кардоннага камбіната. Завод яшчэ не ўведзены ў эксплуатацыю, але нават яго праца ў тэставым рэжыме абурыла жыхароў райцэнтра і насельнікаў прылеглых вёсак. А ў горадзе над Бугам вядзецца будаўніцтва акумулятарнага заводу. Яго будуюць тыя ж кітайцы, а на заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Не здзіўляе, што мясцовыя ўлады без усялякіх папярэдніх экспертных камісій і грамадскіх абмеркаванняў вырашаюць будаваць тое, што ім хочацца. Здзіўляе, што мірна пратэставаць супраць такога небяспечнага будаўніцтва выходзіць не паўгорада, не дзясяткі тысяч грамадзян, а толькі 200-300 чалавек. Таму і ігнаруюць чыноўнікі гэтыя сціплыя пратэсты, плююць на людзей звысоку надалей.

Тут яшчэ варта згадаць пра адну шкодную фабрыку – прадпрыемства па вытворчасці драўляных плітаў і падлогавых пакрыццяў на беразе цудоўнай рэчкі Вялля непадалёк Смаргоні. Яно было запушчана ў 2012 годзе і нарабіла ўжо нямала шкоды навакольнаму асяроддзю. Пры тым пратэставыя галасы нешматлікіх эколагаў застаюцца воклічамі ў пустэльні. Нікуды не падзелася і галоўная сённяшняя небяспека – пабудова Астравецкай атамнай станцыі, якая нясе новую, куды больш страшную пагрозу, чым даўняя Чарнобыльская. Гэта ж трэба было дадумацца, каб будаваць такую станцыю ў сапраўдным прыродным райскім куточку краіны. Ніякі вораг не прыдумае горшага варыянту.

Пра што б не плялі высокія начальнікі на прапагандысцкіх нарадах і фальшывых паказушных суботніках – пра ўяўную мадэрнізацыю ці пра хуткі эканамічны скачок – усё гэта пыл у вочы. Бо па ўсім відаць і выходзіць, што гэтыя цяперцы, якія жывуць пад дэвізам “Пасля нас хоць патоп!”, пераўтварылі Беларусь у краіну трэцяга свету, якая нібыта толькі і годная, каб будаваць тут небяспечныя прадпрыемствы са шкоднымі выкідамі. Уладныя ж трутні апраўдаюць кожную атруту.

Савецкі саюз знік на палітычнай мапе свету, але ён застаўся ў галовах і рэальных урадах пераважнай бальшыні былых “сацыялістычных рэспублік” – у Беларусі, Арменіі, Расеі, Малдове, Азербайджане…З людзьмі ніхто на гэтай прасторы не лічыцца і лічыцца не збіраецца.

Людзі для ўлады – гэта смецце, у лепшым разе будаўнічы матэрыял, да якога і стаўленне адпаведнае. Самы ж людзі звыкліся з паднявольнай, амаль рабскай доляй. Жорсткія і жахлівыя Чарнобыльскія ўрокі так і не вывучаны.

Уладзімір Хільмановіч  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ