Бязмежжа міліцыянтаў, або за што ламаюць ногі пенсіянерам



Гэтая гісторыя так і засталася б набалелай гісторыяй адной сям’і Вышадкаў, каб на іх шляху не сустрэўся Даніла Ермаковіч з Глыбоцкага раёна.

Калі Даніла паехаў у паліклініку, там у чарзе да ўрача пазнаёміўся з 80-гадовым Іосіфам Вышадкам з вёскі Лазічы Глыбоцкага раёна. Той і распавёў гісторыю, якая здарылася з ім год таму і паўплывала на яго здароўе ды фінансавы дабрабыт яго сям’і. Данілу Ермаковіча гэтая гісторыя так кранула, што ён вырашыў арганізаваць сустрэчу незалежных журналістаў з Іосіфам Вышадкам. Як сказаў сам Даніла, такія выпадкі нельга замоўчваць. Яны павінны быць на слыху ў людзей, каб такія жорсткія рэчы не паўтараліся ў нашым грамадстве.

Міліцыянты на дарозе

У лютым мінулага года Іосіф Вышадка з Лазічоў паехаў на сваім мотаблоку ў бліжэйшую вёску Удзела, у краму “Василёк”, каб купіць прадуктаў. Калі ён туды пад’ехаў, яго спынілі віцебскія міліцыянты і сказалі, каб паехаў з імі на экспертызу. Ім не спадабалася тое, што ў пенсіянера блішчалі вочы, яны падумалі, што ён нападпітку. Але Іосіф адмовіўся гэта рабіць, сказаўшы, што нядаўна быў у лякарні і здаваў аналізы, да таго ж ён цвярозы. Пры гэтым міліцыянты на месцы яму алкатэстара не далі.

Але віцебскія міліцыянты не сталі яго слухаць і пачалі запіхваць у службовую машыну. Перад гэтым далі Іосіфу Вышадку кулаком у грудзі, пасля чаго ён пабіў галаву і сам заваліўся ў машыну. Але, як кажа пенсіянер, перашкаджалі яго ногі. Тады міліцыянты пачалі біць па іх дзверкай ад машыны. Стары чалавек пры гэтым адчуў моцны боль, але яшчэ не разумеў, што міліцыянты зламалі яму нагу. У глыбоцкай бальніцы яму давалі тройчы алкатэстар, ён нічога не паказаў. Тады папрасілі прайсціся па адной дошчачцы, пенсіянер прайшоўся.

Папрасілі падпісаць нейкую паперу…

Потым яго адпусцілі, але перад гэтым папрасілі падпісаць паперу. Якую? Пенсіянер так і не ведае. Бо, па яго словах, ён нічога не бачыў, у яго не было акуляраў, а яе яму ніхто не прачытаў. Але, як сказаў Іосіф Вышадка, папрасілі падпісаць, таму і падпісаў. Потым аказалася, што падпісаў ён пратакол, у якім былі напісаныя выдуманыя звесткі, што быццам бы ён ездзіў у аддаленую ад яго месца жыхарства вёску Абруб-Беразвецкі, што каля Глыбокага, у піўную, каб напіцца.

Такім чынам Іосіф Вышадка выпісаў сабе адміністрацыйны штраф аж на 50 базавых велічыняў і ўжо больш за год са сваёй пенсіі выплочвае яго дзяржаве. Штомесяц з яго вылічваюць па 78 рублёў.

Згубіў здароўе

Пенсіянер пасля гэтага выпадку атрымаў не толькі псіхалагічны стрэс, але і згубіў фізічнае здароўе. На трэці дзень пасля здарэння яму моцна разбалелася нага, не мог ужо хадзіць, вырашыў ехаць да хірурга. Як паказаў рэнтген, міліцыянты зламалі пенсіянеру нагу. Іосіф Вышадка месяц прабыў у гіпсе. Потым ён звяртаўся і да судмедэксперта ў Глыбокім, але паперы адтуль “згубіліся” па дарозе ў міліцыю. Асабіста на рукі ніякіх папераў яму не далі. Калі Іосіф Вышадка наконт гэтых папераў распавёў участковаму інспектару, той адказаў, што калі трэба, то знойдзем. Відаць, іх шукаць ніхто і не збіраўся, як падсумоўвае мужчына.

Як кажа Іосіф Вышадка, яму і зараз цяжка хадзіць, тым больш нагадвае пра сябе і ўзрост. Ніхто з тых маладых віцебскіх міліцыянтаў не прыехаў і не папрасіў у яго прабачэння. Але ён ужо і не памятае дакладна іх імёнаў, кажа, што ў аднаго прозвішча быццам было Марозаў.

Паміж двух агнёў

Да старога чалавека разбірацца з гэтай справай прыехаў, як ён кажа, ці то начальнік глыбоцкай міліцыі, ці то начальнік Глыбоцкай ДАІ. Ён нават пабаяўся адразу адзін у хату заходзіць, зайшоў з кіроўцам. Потым ён сказаў, што думаў тут убачыць нейкую неадэкватную асобу, але зразумеў, што Іосіф Вышадка ­- чалавек просты, ціхі і спакойны. Адпусціў свайго кіроўцу і пачаў размаўляць з пенсіянерам і яго жонкай. Потым дадаў, што яму зразумелая сітуацыя, але ён знаходзіцца “паміж двух агнёў” і нічога зрабіць не можа, бо затрымлівалі Іосіфа віцебскія міліцыянты, а не глыбоцкія.

Пасля гэтага Іосіф Вышадка хацеў падаць на віцебскіх міліцыянтаў у суд, але глыбоцкая адвакатка адгаварыла пенсіянера абскарджваць штраф, сказаўшы, што цяжка будзе дабіцца праўды. Можна будзе выдаткаваць шмат грошай, а суд апынецца не на баку пенсіянера. На сямейнай радзе і дзеці параілі не падаваць паперы ў суд, бо не вераць у яго справядлівае рашэнне. Кажуць, што супраць улады нічога не зробіш, бо ў іх усё “павязана”.

Страчаны давер да міліцыі

Іосіф Вышадка і яго жонка Наталля ўсё ж пагадзіліся распавесці сваю набалелую гісторыю журналістам. Яны казалі пра тое, што заўжды былі законапаслухмянымі грамадзянамі і давяралі міліцыі. Жонка нейкі час нават працавала намесніцай старшыні калгаса і старшынёй сельскага савета. Ім перажыць усю гэтую нахабную хлусню было вельмі складана.

Цяпер іх стаўленне да міліцыі змянілася. Па словах Іосіфа Вышадкі, ён ім ужо не давярае і лічыць міліцыянтаў не абаронцамі людзей, а наадварот:

Яны толькі паказваюць, што працуюць. Робяць толькі тое, што выгадна ім і ўладзе, якую яны абараняюць. Ім толькі грошай больш бы ўзяць. А з каго ты столькі возьмеш, як не з пенсіянера? Старыя хоць пенсію больш-менш нейкую атрымліваюць, а некаторыя рабочыя людзі зарабляюць невялікія заробкі, якія і тыя часам затрымліваюць.

Як кажа Даніла Ермаковіч, раней і ён давяраў міліцыі, як Богу. Але пасля гэтага выпадку ён пачаў іх проста ненавідзець. Бо, калі ён пачуў пра тое, што адбылося з Іосіфам Вышадкам, яму стала вельмі балюча і на душы, і на сэрцы. Ён нават і не думаў, што ў нас такое бязмежжа адбываецца ў міліцыі. Таму і вырашыў ён гэтую гісторыю распавесці незалежным журналістам, каб людзі ведалі пра рэчаіснасць. Каб ведалі, якія ў нас міліцыянты, якія лічацца служыцелямі народа, а на самой справе служаць толькі гэтай уладзе, а не народу.

Каментар эксперта

Павел Левінаў, праваабаронца “Беларускага Хельсінкскага камітэта”:

Па-першае, усе патрабаванні міліцыі павінны быць заснаваныя на законе. Гэта кажа пра тое, што не любое патрабаванне супрацоўніка міліцыі грамадзянін павінен неадкладна выконваць. Пры гэтым супрацоўнік міліцыі павінен прадставіцца і растлумачыць па патрабаванні грамадзяніна, на якой падставе, норме якога закона заснаванае патрабаванне кудысьці праехаць, прайсціся і г.д.

Па-другое, пасля гэтага неабходна даведацца пра свой статус. Калі кажуць, што вы затрыманыя, то з гэтага моманту вы маеце права на абарону. І абаронцам можа быць не толькі адвакат, але таксама адзін з бліжэйшых сваякоў. Таму адразу трэба заяўляць хадайніцтва пра тое, што вам неабходная абарона. І супрацоўнік міліцыі павінен прадаставіць вам магчымасць звязацца з абаронцам, каб ён прыехаў. Тады ўсе працэсуальныя дзеянні: экспертыза, складанне пратакола, затрыманне, складанне пратакола асабістага дагляду, вобшуку і г.д. – павінны праходзіць у прысутнасці вашага абаронцы.

Калі ёсць абаронца, у супрацоўнікаў міліцыі менш шанцаў пераступаць закон.

Па-трэцяе, усе дакументы, якія мы падпісваем, трэба заўжды чытаць, і не важна, у якой установе мы іх падпісваем. Вельмі часта нам кажуць: “Падпішыце, бо гэта фармальнасць, нічога страшнага не будзе”. А потым пасля гэтай так званай “фармальнасці” мы атрымоўваем паперы, дзе, аказваецца, прызнаем сябе вінаватымі ў той або іншай справе і просім разглядзець справу ў нашай адсутнасці. А потым атрымоўваем пастанову аб накладанні штрафу.

У гэтай сітуацыі Іосіф Вышадка, хутчэй за ўсё, падпісаў такі пратакол, дзе пагадзіўся з правапарушэннем. Таму яму і прыйшла пастанова выплочваць штраф. А калі ён яе не апратэставаў на працягу вызначанага тэрміну, то тут ужо нічога не зменіш.

Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае