Што рабіў кітайскі Міністр абароны ў Менску 4 дні?



5-8 красавіка адбыўся візіт у Беларусь Міністра абароны КНР Вэя Фэнхэ, прызначанага на пост у сакавіку бягучага года. Мерапрыемства вылучалася сваёй працягласцю і пры гэтым бакі даволі скупа асвятлялі падзею. Відавочна, што ў Вэя Фэнхэ былі дастаткова важкія прычыны прабыць у Беларусі чатыры дні. І яны мала звязаныя з культурнай праграмай, наведваннем вайсковых частак беларускай арміі і падпісаннем загадзя ўзгодненых дакументаў, якія значыліся ў апублікаванай частцы праграмы візіту.

Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 6 красавіка кітайскага міністра абароны, заявіў, што Кітай адыграў вырашальную ролю ва ўзмацненні абароназдольнасці Беларусі. Бакі актыўна ажыццяўляюць дыялог на ўзроўні ваеннага кіраўніцтва дзвюх краінаў (18 візітаў за 5 гадоў). Нарошчваюцца маштабы падрыхтоўкі ваенных кадраў адзін для аднаго. Кітай рэгулярна перадае Беларусі бязвыплатную ваенную дапамогу (напрыклад, у кастрычніку 2017 года на суму $ 4,5 млн).

Цікава адзначыць, што 5 красавіка на плошчы перад Цэнтральным Домам афіцэраў прайшла цырымонія афіцыйнай сустрэчы Міністра абароны КНР з беларускім калегам Андрэем Раўковым. Не памятаю, каб раней падобнай сустрэчы ўдастойваўся хто-небудзь з замежных ваенных кіраўнікоў, якія былі ў Беларусі. Верагодна, што менавіта да візіту кітайскага госця гэтая цырымонія і была распрацаваная.

Вэй Фэнхэ пачаў вайсковую службу ў 1970 годзе. Да прызначэння кіраўніком Мінабароны Кітая камандаваў Другім артылерыйскім корпусам арміі КНР (ракетна-ядзерныя сілы).

Пекін мае значны досвед аказання тэхналагічнай падтрымкі ў галіне ракетнага ўзбраення шэрагу краінаў. Балістычныя ракеты, якія знаходзяцца на ўзбраенні або распрацоўваліся для ўзбраення Другога арткорпуса сталі донарамі тэхналогій для ракетных сістэм Пакістана і Турэччыны. А ў агляднай перспектыве – і Беларусі (М20). Аснову ракетна-ядзерных сіл КНР складаюць грунтавыя рухомыя ракетныя комплексы. У той час як Беларусь – адзін з буйных вытворцаў і распрацоўшчыкаў колавых шасі для падобных сістэм ўзбраення. Такім чынам, для прафесійнага ракетчыка Вэя Фэнхэ ў Беларусі ёсць больш цікавыя тэмы для абмеркавання, чым музейныя калекцыі. Відавочна, што працягласць знаходжання кітайскай дэлегацыі ў Менску прадыктавана меркаваннямі выключна практычнага характару.

Афіцыйны Менск імкнецца выкарыстоўваць кадравыя перастаноўкі ў ваенным кіраўніцтве КНР для інтэнсіфікацыі двухбаковага ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Ключавым элементам якога выступае ўзаемадзеянне ў галіне распрацоўкі, вытворчасці і мадэрнізацыі ракетнага ўзбраення. І мяркуючы па 4-дзённаму візіту новапрызначанага Міністра абароны Кітая, падставы для аптымізму ў беларускага кіраўніцтва маюцца. Беларускія ўлады зрабілі стаўку на развіццё супрацоўніцтва з Пекінам стратэгічным прыярытэтам. А Кітай дэманструе гатоўнасць аказваць Беларусі падтрымку па шэрагу важных кірункаў. Важных не толькі па меркаваннях нацыянальнай бяспекі, але і па меркаваннях дзяржаўнага прэстыжу і эканамічнага характару.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ