Следчы камітэт закупіць сем дронаў
Следчы камітэт збіраецца закупіць сем дронаў-квадракоптараў, абсталяваных фотавідэакамерай тыпу Inspire 2 ці яе аналагам. Дадзеныя аб адпаведнай дзяржаўнай закупцы размешчаны на сайце дзяржзакупак.
Адзін новы дрон Inspire 2 каштуе больш за 7 тыс. рублёў. Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч, квадракоптары аблегчаць вывучэнне дэталяў на месцы здарэння.
„Гэтыя тэхналогіі дапамогуць з аб’ёмамі агляду месца здарэння. Напрыклад, у ДТЗ важная кожная дробязь, і гэта можна вывучыць з дрона. Дзесьці ёсць магчымасць агледзець цяжкадаступныя месцы”, — растлумачыў Кабаковіч.
25 сакавіка ў Менску на святкаванні Дня Волі прапала каля 10 дронаў-квадракоптараў, пры дапамозе якіх СМІ асвятлялі падзею. Пілоты страцілі сувязь з гаджэтамі. 19 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што міліцыя пакуль не знайшла дроны.
„Гэта мог быць тэхнічны промах аператара, мог быць збой у працы сістэм кіравання, а маглі выкрасці — не выключаю нічога, разбіраемся”, — сказаў Шуневіч.