Улады Гародні пачалі ўпарадкаванне пустыра ў мікрараёне Вішнявец



Улады Гародні пачалі  ўпарадкаванне пустыра ў мікрараёне Вішнявец. Гэта адбылося  на суботніку, які быў у мінулыя выходныя. Па словах грамадскага актывіста Анатоля Мышкевіча, на працы па ўпарадкаванні Вішняўца паўплывалі сабраныя ім 300 подпісаў і сустрэча са старшынём Гарадзенскага гарвыканкама Мечыславам Гоем.

Кажа Анатоль Мышкевіч:

– Восенню мінулага года я сабраў каля 300 подпісаў жыхароў дамоў, якія пражываюць вакол гэтага пустыра. Занёс іх старшыні Гарадзенскага гарвыканкама. Папрасіў зрабіць зялёную зону, бо ў нас іх няма. Мечыслаў Гой прыслухаўся да пажаданняў жыхароў мікрараёна Вішнявец. І вось на суботніку пасадзілі больш за 100 дрэў.

Анатоль Мышкевіч лічыць, што працы па ўпарадкаванні пустыра былі зробленыя з памылкамі:

– Хацелася б, каб спачатку гэтае поле зраўнялі, каб пасля можна было пакласці пешаходныя дарожкі. Цяпер гэтага не зробіш. Спадзяюся, што паставяць хаця б дзве альтанкі, пару лавачак. Каб летам можна было ў гэтым парку пасядзець, падыхаць свежым паветрам.

Актывіст спадзяецца, што праца па давядзенні да ладу гэтага кавалка пустой зямлі на гарадзенскім Вішняўцы будзе зроблена цягам бліжэйшых месяцаў.   

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня