БАЖ накіраваў кожнаму дэпутату заўвагі і прапановы да паправак у закон аб СМІ
Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала кожнаму дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі свае заўвагі і прапановы адносна паправак у закон аб СМІ, паведамляе прэс-служба БАЖ.
Кожнаму дэпутату таксама накіраваная заява з’езду БАЖ, у якім адзначаецца, што новыя папраўкі прадугледжваюць унясенне сур’ёзных змен у заканадаўства і нясуць пагрозу медыясектару і грамадству. Заўвагі і прапановы БАЖ не былі ўлічаныя пры разглядзе Палатай прадстаўнікоў гэтага законапраекта ў першым чытанні, як не былі пачутыя і прапановы іншых прадстаўнікоў медыясектара, не праведзеная міжнародная экспертыза законапраекта.
Асацыяцыя журналістаў заклікае ўлады правесці абмеркаванне прапанаваных змен у закон аб СМІ з удзелам беларускіх і міжнародных экспертаў, прадстаўнікоў медыя, бізнесу і грамадства, пасля чаго дапрацаваць законапраект пры разглядзе ў другім чытанні з улікам усіх меркаванняў, а таксама заўваг і прапаноў БАЖ, якія перададзеныя ў Палату прадстаўнікоў.
Таксама БАЖ заклікае прызнаць права журналістаў-фрылансараў збіраць інфармацыю і распаўсюджваць яе ў айчынных і замежных масмедыя.
Палата прадстаўнікоў 19 красавіка прыняла ў першым чытанні папраўкі ў закон „Аб сродках масавай інфармацыі”, што прадугледжваюць яго прымяненне ў дачыненні да інтэрнэт-рэсурсаў, з дапамогай якіх ажыццяўляецца распаўсюджванне масавай інфармацыі. За прыняцце дакумента прагаласавалі 98 дэпутатаў, супраць — два. Яшчэ два дэпутаты не галасавалі.