Сябры Партыі БНФ правядуць суботнік на забруджанай тэрыторыі



Традыцыйнае падарожжа па забруджаных тэрыторыях. Партыя БНФ перад гадавінай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС праводзіць сваю акцыю – дэлегацыя сябраў партыі наведае мясціны, якія былі забруджаныя радыёнуклідамі ў выніку аварыі.

Збіраемся талакой, кажа намеснік старшыні партыі Аляксей Янукевіч:

– Кіраўніцтва партыі, старшыня Рыгор Кастусёў, актывісты партыі – мы праводзім такую традыцыйную талаку. Ужо некалькі гадоў мы гэта ладзім напярэдадні Чарнобыльскага шляху, напярэдадні даты Чарнобыльскай трагедыі, мы выязджаем у тыя тэрыторыі, якія забруджаныя, прыбіраем каля памятных камянёў, што ўсталяваныя на месцах тых вёсак, якія выселеныя. Запальваем знічы, парадкуем тэрыторыю.  

Партыя БНФ таксама уваходзіць у аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху», які ў Менску запланаваны на 26 красавіка. Улады скарэктавалі фармат акцыі, не дазволілі правесці мітынг ля Акадэміі навук, а ў якасці месца збору дэманстрантаў прапанавалі пляцоўку каля кінатэатру «Кастрычнік» у 18.00. У 18.30 пачнецца шэсце па маршруце праспект Незалежнасці – Сурганава – Арлоўская да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля», дзе з 19.30 пройдзе малітва-мітынг.  

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя