Грошы на ўнікальную гравюру з выявай Гародні сабраныя



За два тыдні каманда праекта “Анёлы над Горадам” сабрала 1900 рублёў з патрэбнай сумы на выраб дакладнай копіі першай гравюры з выявай горада. Сама гравюра Ё. Адэльгаўзера і М. Цюнта была ўпершыню надрукавана ў Нюрнбергу ў 1568 годзе.

У праекце “Анёлы над горадам” арганізатары хочуць надрукаваць яе з адноўленай матрыцы і займець уласную выяву, прыдатную да якаснага друку, вольную ад аўтарскіх правоў любых архіваў і сховішчаў.

Пра збор грошай распавядае гісторык Аляксандр Перагудаў, які займаецца праектам разам з менскай студыяй imago.by

– На маю думку,  збор грошай быў пасьпяхова рэалізаваны за такі кароткі тэрмін, дзякуючы добрай інфармацыйнай падтрымцы. Таму што некалькі медыя напісалі пра гэты праект. І таксама мы вялі асвятленне праекта ў сацыяльных сетках і ўвесь час нагадвалі людзям. Прыемна адзначыць, што гэты праект зацікавіў не толькі гарадзенцаў, але і жыхароў усёй Беларусі і нават жыхароў замежжа.

На думку Аляксандра Перагудава тыя, хто яшчэ будзе ахвяроўваць грошы на выданне копіі гравюры, атрымаюць вельмі шыкоўныя падарункі – паштоўкі, прынты ці асобнік гравюры, расфарбаваны мастаком. Гарадзенцы, што ахвяравалі грошы ў гэты праект, атрымаюць свае падарункі напачатку восені ў “Цудоўні”, якая таксама з’яўляецца адным са спонсараў гэтага праекту.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня