Калаур: 75% знешняга дзярждоўгу Беларусі плануецца рэфінансаваць
Беларусь плануе рэфінансаваць 75 працэнтаў знешняга дзяржаўнага доўгу, паведаміў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур.
Кіраўнік Нацбанка расказаў аб апошніх рашэннях урада. Паводле яго слоў, 75 працэнтаў знешняга дзяржаўнага доўгу рэфінансуецца, а 25 працэнтаў – пагашаецца за кошт той выручкі, якую будзе зарабляць эканоміка. Ён адзначыў, што размова ідзе пра 2018-ы і наступныя гады. „Ва ўсякім разе, да канца бягучай пяцігодкі”, – дадаў Павел Калаур. „Рэфінансаванне – гэта агульная міжнародная практыка, – растлумачыў ён. – Гэта адзін з інструментаў забеспячэння сваіх абавязацельстваў. Усе краіны ім карыстаюцца”.
У сённяшнім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўраду і Нацбанку ў бліжэйшыя гады давядзецца перарасці даўгавую нагрузку і выйсці ў зону бяспекі. У сувязі з гэтым Павел Калаур сказаў, што пытаннямі аптымізацыі даўгавой нагрузкі ўрад і Нацыянальны банк займаюцца на пастаяннай аснове. Ён звярнуў увагу на значнае паляпшэнне па плацежным балансе, у прыватнасці, па яго бягучым рахунку. „Гэта якраз сведчанне таго, што эканоміка ў параўнанні з папярэднімі гадамі генерыруе больш валютнай выручкі”, – дадаў старшыня праўлення Нацбанка.
У апошнія тры гады не павялічваўся такі паказчык, як аб’ём валавога знешняга доўгу, які прыпадае на аднаго грамадзяніна. Але пры гэтым краіна пры будаўніцтве важных аб’ектаў, такіх як БелАЭС, Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, карысталася замежнымі крэдытнымі лініямі. Гэта сведчыць аб тым, што некаторыя даўгавыя абавязацельствы пагашаны за кошт работы эканомікі.
Павел Калаур падкрэсліў, што даўгавая нагрузка да ВУП будзе змяншацца. Для гэтага, з аднаго боку, трэба будзе змяншаць аб’ёмы новых пазык, з іншага – працаваць над павелічэннем ВУП. „Гэта праблема, якой трэба пастаянна карпатліва займацца”, – падагульніў ён.