Хакеісты зборнай Беларусі (U-18) уступілі ЗША на ЧС у Расеі
Хакеісты зборнай Беларусі (U-18) уступілі равеснікам з ЗША з лікам 0:8 (0:2, 0:5, 0:1) на чэмпіянаце свету ў Расеі.
У матчы групы А, праведзеным у Магнітагорску, трэнерскі штаб нашай каманды прадаставіў адпачынак галкіперу Мікіце Талапілу. Месца на апошнім рубяжы абароны заняў Кірыл Андрэеў, але пасля ўжо другога перыяду быў заменены на Данілу Верамейчыка. За сорак мінут беларусы прапусцілі сем шайбаў. Шмат эмоцый і сіл у падапечных Паўла Перапехіна адняў матч напярэдадні са Швейцарыяй, у якім беларусы святкавалі поспех 5:4. Амерыканцы дамінавалі ў нападзенні і дабіліся ўпэўненай перамогі. Галявым хет-трыкам у вароты беларусаў адзначыўся Коўл Коўфілд.
Турнірнае становішча групы А: 1. Канада – 9 ачкоў (3 матчы), 2. Швецыя – 9 (3), 3. ЗША – 6 (4), 4. Беларусь – 3 (4), 5. Швейцарыя – 4 (0).
Лідар групы В зборная Фінляндыі (матчы праходзяць у Чэлябінску) у заключнай сустрэчы папярэдняй стадыі сусветнага форуму перамагла Чэхію з лікам – 4:2.
Турнірнае становішча групы В: 1. Фінляндыя – 12 ачкоў (4 матчы), 2. Расея – 6 (3), 3. Славакія – 6 (3), 4. Чэхія – 3 (4), 5. Францыя – 0 (4).
У 1/4 фіналу чэмпіянату свету сярод спартоўцаў да 18 гадоў зборная Беларусі сустрэнецца з камандай Фінляндыі. Матч адбудзецца 26 красавіка.