Падарожжы на інвалідным вазку



Падчас для таго, каб выйсці на новы ўзровень, патрэбна выйсці са “старой” зоны камфорту. Перамены вымагаюць пэўных высілкаў. Такога сабе штуршка і парачкі крокаў наперад…

Гучыць пафасна, але зазвычай спрацоўвае, асабліва, калі ты жывеш у Беларусі і карыстаешся інвалідным вазком для перамяшчэння ў прасторы. Свабода перамяшчэння быццам і прадугледжана па законе для тых, хто яго не парушае моцна, але паўсюль маюцца свае нюансы. Хвораму чалавеку прасцей дома сядзець – цёпла, ціха, ніхто не чапае… Калі чалавек грыпуе. Калі ж праблемы са здароўем іншыя, то жыві ды радуйся!

А давайце я вам раскажу пра тое, як у Вільню з’ездзіла на выхадных? На цягнічку Менск-Вільня-Менск. Задачай было трапіць на журналісцкі семінар. Абставіны склаліся на карысць чыгункі… Да таго ж цікава было правесці эксперымент і зразумець, наколькі гэта магчыма – ехаць вазочніку па дадзеным маршруце. Магчыма?

Набываеш квіточкі ў касе па месцы жыхарства (не танныя, дарэчы!). У спецыяльнае купэ для інвалідаў. Прыяджаеш у горад Маладэчна раней (вакзал – ок, безбар’ерны!) і папярэджваеш дзяжурную па станцыі пра свае „асаблівыя патрэбы”. Яна старанна табой апякуецца і суправаджае, але сюрпрызам становіцца тое, што пандус у спецыяльным вагоне, – гэта папросту тэлескапічны пандус, трап, які яшчэ трэба дастаць правадніцы, а прыпынак тут – звярніце ўвагу! – 1 хвілінка. Таму правадніца і суправаджаючыя асобы закідваюць цябе ў вагон разам з вазком… Едзем! Добра, што вазок лёгкі (імпартны!) і ты не вельмі цяжкая… Гэта так, між іншым… Пачынаеш разбірацца – аказваецца, „штука”, якая павінна выязджаць па тыпу пандуса ў еўрапейскіх аўтобусах і цягніках, у нашым крутым цягніку Менск-Вільня-Менск НЕ ВЫЯЗДЖАЕ. Навошта яна ўвогуле? Тэма ўжо для журналісцкага даследавання.

На зваротнай дарозе (на віленскім вакзале часу было шмат) чыгуначнікі спакойна паклалі трап – паспелі! І ў Маладэчне машыніст пастаяў трохі больш, каб непаседлівая вазочніца паспела выскачыць з дапамогай сяброў і суправаджаючых з вагона. Валізкі дастаць таксама паспелі! Дарэчы, працаўнікі чыгуначнага вакзала, праваднікі і машыніст старанна ва ўсім дапамагалі – ніякіх да іх прэтэнзій, толькі шчыры дзякуй! Проста цікава – чаму выдзвіжны пандус не працуе…

А падарожнічаць варта ў любым выпадку. Знайсці сваю наступную зону камфорту можна толькі пакінуўшы папярэднюю. Што і лагічна.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ