Людзі перасталі цікавіцца праблемай наступстваў аварыі на ЧАЭС



Людзі перасталі цікавіцца праблемай наступстваў аварыі на ЧАЭС. 

Так лічыць грамадскі актывіст Уладзімір Кацора. На ягоную думку, прычына палягае ў тым, што грамадзянам не хапае пазітыўнага прыкладу вырашэння сваіх праблемаў:

– Каб людзі цікавіліся, яны павінны верыць, што нешта можа змяніцца з іх удзелам. У Беларусі ад людзей нічога не залежыць. Калі вы зараз пойдзеце да медыкаў і спытаеце, як яны ставяцца да таго, што анкалагічныя захворванні ў Беларусі – гэта наступствы Чарнобыля, то медыкі можа так і думаюць, што так яно і ёсць, але ж яны публічна не кажуць. Тым больш, што прайшло не два месяцы пасля Чарнобыля, а 30 год, і людзі ўжо не жывуць гэтай праблемай, ёсць іншыя праблемы.

Праваабаронца Алесь Яўсеенка ўзгадвае, як у Гомелі ў пачатку дзевяностых збіраўся шматтысячны мітынг, на якім гучалі патрабаванні расследваць прычыны аварыі на ЧАЭС:

– Быў чарнобыльскі мітынг на плошчы імя Леніна. Уся плошча была поўнасцю запоўнена – было каля 5-10 тысяч не менш. У Гомелі такіх мерапрыемстваў болей не было. Вылучалі патрабаванні прыцягнуць да адказнасці вінаватых і завесці крымінальныя справы.

Сёлета 26 красавіка гомельскія дэмсілы ўскладуць кветкі і вянкі да чарнобыльскай каплічкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель