Мяса з душком



Добра быць вегетарыянцам. Прынамсі, дакладна будзеш ведаць, што табе не падкінуць каўбасы ці кансервы з гнілога мяса. У Гомелі асудзілі кіраўніцтва і спецыялістаў мясакамбіната за тое, што на заводзе выраблялі прадукцыю, мякка кажучы, не з самага свежага мяса. А калі дакладна, то мяса было пачарнелае, пакрытае “пушком” і пагрызенае мышамі. Між іншым, такім смачным мяскам гомельскі мясакамбінат падзяліўся з аршанскім. Так што, мяса з душком раз’ехалася па ўсёй краіне. І цяпер каўбасу і тушонку з такога мяса можна называць пікантнымі.

Разам з гомельскімі на лаве падсудных апынуліся і ветэрынары з рэгіёна і Менска. Пытанне толькі, для чаго трэба было забіваць столькі жывёлаў, што іхняе мяса даводзілася захоўваць нават у тэхналагічных калідорах. Можа быць, пытанне яшчэ ў тым, што робіцца на дзяржаўных свінафермах і кароўніках. Наколькі там створаныя годныя ўмовы для жывёлаў, што іх даводзіцца везці ў такіх аб’ёмах на далёка не маленькі мясакамбінат. Спачатку, пад выглядам свіной чумы, пазбавілі прыватнікаў жывёлаў. А потым аб’ёмы жывёлаў на дзяржаўных фермах нарасцілі да такіх аб’ёмаў, што два мясакамбінаты – Гомельскі і Аршанскі – не маглі справіцца.

А ўвогуле працаваць кіраўніком на мясакамбінаце – няўдзячная справа. З апрацоўкай дыямантаў не было столькі скандалаў, колькі з мясам. Апошняя судовая справа з тым жа Гомельскім мясакамбінатам была адносна нядаўна – 6 гадоў таму. Тады асудзілі ажно 25 супрацоўнікаў. Так што, трэба сто разоў падумаць перад тым, як ісці туды працаваць. Бо праз пяць гадоў можна апынуцца на лаве падсудных. А потым даказвай, што ты ні ў чым не вінаваты.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ