Бярозаўскія ўлады не бачаць патрэбы ў “Свечцы памяці”
26 красавіка – Дзень Чарнобыльскай трагедыі, які стаў Міжнародным днём памяці ахвяраў радыяцыйных аварый і катастроф.
У незалежнай Беларусі на дзяржаўным узроўні пра гэтую трагічную дату стараюцца не ўспамінаць. Але апазіцыя напамінае беларускай супольнасці пра найвялікшую тэхнагенную катастрофу.
Толькі аднойчы ў Бярозе ініцыятыву ў мясцовай апазіцыі перахапіла дзяржаўная моладзевая арганізацыя: два гады таму адзначылі гадавіну Чарнобыля канцэртам і выпусканнем балонікаў.
У адмове на традыцыйную “Свечку памяці” бярозаўскай апазіцыі чыноўнікі напісалі, што ў “Свечцы памяці” няма патрэбы, паколькі праводзіцца афіцыйнае мерапрыемства, прысвечанае Чарнобыльскай трагедыі, успамінае адзін з арганізатараў акцыі, праваабаронца Сяржук Русецкі:
– Калі мы пісалі заяўкі на правядзенне пікета ў адпаведнасці з законам аб масавых мерапрыемствах, нам заўсёды адмаўлялі. У свой час мы вырашылі, што паколькі нам адмаўляюць, не будзем ладзіць пікетаў ці мітынгаў, а проста будзем стаяць са свечкамі, без аніякіх плакатаў. Так са свечкамі стаялі і «Гадзінай смутку» адзначалі гадавіну трагедыі. І КДБ, і міліцыя звычайна таксама прысутнічалі. Але пазней ужо, у адзін год, «Гадзіна смутку» прайшла і пад’ехала міліцыя ды забрала мяне ў РАУС.
8 гадоў бярозаўскія ўлады цярпелі “Свечку памяці”, якая набірала папулярнасць. І калі дайшло да 100 удзельнікаў, пачаліся затрыманні арганізатараў.
[Not a valid template]
Прайшло 32 гады з дня Чарнобыльскай аварыі. Асноўныя прычыны смерці беларусаў маладога ўзросту – рак і сардэчна-сасудзістыя захворванні, якім спрыяюць радыенукліды. Але пра гэта ўлады таксама стараюцца не гаварыць.
Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза