Алена Анісім заклікала Савет Еўропы аказаць падтрымку беларускай мове
Хацелася б, каб намаганні беларускай грамадзянскай супольнасці „па абароне лінгвістычных правоў беларусаў” сталі аб`ектам увагі Савета Еўропы, заявіла член камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Алена Анісім 25 красавіка на пасяджэнні Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў Страсбургу. Аўдыязапіс абмеркавання перададзены БелаПАН прэс-службай Савета Еўропы.
Анісім адзначыла, што жаданне паўдзельнічаць у гэтай дыскусіі ў яе выклікала выступленне аднаго з экспертаў па канале Euronews, згодна са словамі якога Беларусь не з`яўляецца прыярытэтнай краінай для Еўропы.
„У мяне гэта выклікала шэраг пытанняў і прымусіла зазірнуць у гісторыю, — сказала Анісім. — Нядаўна дэмакратычная грамадскасць нашай краіны адзначала 100-годдзе аднаўлення беларускай дзяржаўнасці. Аднак і тады, 100 гадоў таму, Беларусь не была ў прыярытэце у еўрапейскіх краін. Нягледзячы на ўсе намаганні нашай тагачаснай эліты і волю беларускага народа жыць у сваёй краіне, БНР не была да канца прызнаная еўрапейскімі краінамі, у адрозненне ад нашых найбліжэйшых суседзяў — Літвы, Латвіі, Польшчы. У выніку розных перадзелаў у ваенны і пасляваенны перыяды беларусы страцілі значную частку сваіх этнічных тэрыторый, якія цяпер знаходзяцца ў складзе розных еўрапейскіх краін і дзе пражывае значная частка беларусаў”.
Паводле слоў Анісім, адным з вынікаў сённяшняга непрыярытэтнага значэння Беларусі для Еўропы з`яўляецца тое, што толькі для беларускіх грамадзян існуе высокая плата за візы. „Між тым Беларусь і беларусы маюць працяглую гісторыю культурнага ўзаемадзеяння з Еўропай, — дадала яна. — Дастаткова ўспомніць, што менавіта беларусы першыя ва Усходняй Еўропе пачалі кнігадрукаванне. Менавіта ў беларусаў упершыню з`явіўся буквар 400 гадоў таму, а Статут ВКЛ канца XVI стагоддзя можа служыць прыкладам юрыдычных дакументаў”.
„У выніку русіфікацыі, якая мэтанакіравана праводзілася ў СССР, і ў выніку больш позняй незбалансаванай моўнай палітыкі ў незалежнай Беларусі беларуская мова трапіла ў спіс моў, якім пагражае знікненне”, — падкрэсліла Анісім. Грамадзянская супольнасць у Беларусі, паводле яе слоў, прыклала шмат намаганняў, каб „паўплываць на гэтую сітуацыю і каб забяспечыць лінгвістычныя правы беларусаў”.
„У сувязі з гэтым я хачу ўспомніць аб тым, што быў заснаваны першы беларускамоўны канал (гаворка ідзе пра спадарожнікавы тэлеканал „Белсат”. — БелаПАН.). Няхай ён быў зарэгістраваны на тэрыторыі Польшчы, але ён вяшчаў на беларускай мове, — сказала Анісім. — Зараз жа, пры супрацоўніцтве ВВС, ён робіць больш праграм на рускай мове, якой у нас і так дастаткова ў інфармацыйнай прасторы. Узнікае пытанне: чаму ў такім выпадку няма рэдакцыі Euronews і іншых еўрапейскіх каналаў на беларускай мове? Гэта б паслужыла падтрымкай тым намаганням грамадзянскай супольнасці, якія прыкладаюцца ўнутры краіны для абароны лінгвістычных правоў беларусаў”.
„Вельмі важна, — падкрэсліла Анісім, — каб Беларусь са сваімі ўнутранымі праблемамі не выпадала з поля зроку Савета Еўропы, каб і візавае пытанне, і пытанне абароны лінгвістычных правоў беларусаў таксама сталі аб`ектам гэтай увагі. Згодна з нашым глыбокім перакананнем, Беларусь без беларускай мовы не можа стаць ні дэмакратычнай краінай, ні арганічнай часткай еўрапейскай прасторы”.