ТБМ прапанавала стварыць Нацыянальны беларускі ўніверсітэт



Таварыства Беларускай мовы прапануе стварыць Нацыянальны беларускі ўніверсітэт, дзе ўсе прадметы будуць выкладацца па-беларуску, і надаць яму імя Францішка Багушэвіча – класіка беларускай літаратуры. Як адзначае старшыня таварыства Алег Трусаў, калі ўніверсітэты пяройдуць на беларускую мову навучання, то і ў школы пацягнецца чарга ў беларускамоўныя класы.

– Таварыства беларускай мовы сабрала 55 тысяч подпісаў грамадзян на конт стварэння гэтага ўніверсітэта. Арыгіналы подпісаў знаходзяцца ў нас, а копіі ў свой час я перадаў тагачаснаму міністру адукацыі Стражаву. Гэта даўно было, па-мойму, у 2000 годзе. Зараз у сувязі з усімі гэтымі выступамі Тозіка і кампаніі мы звяртаемся да кіраўніка. Дасылаем гэты ліст непасрэдна ў Адміністрацыю прэзідэнта і Мясніковічу з прапановай гэты ўніверсітэт адкрыць. Калі мы хочам, каб школы былі беларускія, трэба на беларускую мову перавезці ўсе ўніверсітэты.

Адным з варыянтаў стварэння ўніверсітэта, са слоў Трусава, можа быць вылучэнне на базе БДУ выкладчыкаў і студэнтаў, якія могуць і хочуць выкладаць і вучыцца на роднай беларускай мове ў асобную структуру. З наступнага навучальнага года можна таксама стварыць у кожнай ВНУ краіны беларускамоўныя плыні і групы для будучых студэнтаў і абвесціць пра гэта ў СМІ – падкрэсліваецца ў звароце ТБМ да беларускіх уладаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя