Расейскі рубель рэзка патаннеў на таргах БВФБ
26 красавіка на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы беларускі рубель знізіўся да даляра ЗША і еўра, рэзка ўмацаваўся да расейскага рубля.
Па выніках таргоў курс еўра вырас на 0,0008 рубля (0,03%) і склаў 2,4446 рубля.
Курс даляра ЗША вырас на 0,0043 рубля (0,21%) і склаў 2,0075 рубля.
Курс расейскага рубля знізіўся на 0,0443 рубля (1,37%) і склаў 3,2011 беларускага рубля за 100 расейскіх.
У курсаўтварэнні Нацбанк выкарыстоўвае механізм прывязкі курсу рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расейскага рубля складае 50%, даляра ЗША і еўра — 30 і 20%.
Беларускі рубель рэагуе на дынаміку курсу расейскага рубля, якая шмат у чым залежыць ад цэн на нафту. Цана бараля нафты Brent знаходзіцца ў раёне 74 даляраў, аднак расейская валюта не змагла выстаяць пад напорам глабальнага ўмацавання даляра ЗША.
У Расеі сярэдняўзважаны курс даляра да рубля разлікамі „заўтра” на адзінай гандлёвай сесіі ММВБ, па якім усталёўваецца афіцыйны курс Цэнтрабанка, на 11.30 чацвярга вырас на 85,33 капейкі, склаўшы 62,6027 рубля.