Чарнобыльскі шлях – 2018



Гімнам “ Магутны Божа” і прыняццём рэзалюцыі завяршылася ў Менску сёлетняя акцыя „Чарнобыльскі шлях – 2018”.

* * *

Ад імя арганізатараў „Чарнобыльскага шляху – 2018” выступіў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў . Ад імя БХД – Вольга Кавалькова. Ад імя БСДП (Грамада) – Ігар Барысаў. Ад руху салідарнасці „Разам” – Ігар Лялькоў.

* * *

Павел Севярынец паведаміў што кожны месяц 26 чысла у розных гарадах Беларусі будзе адбывацца „Астравецкі шлях” супраць будаўніцтва БелАЭС.

* * *

Пра пагрозу, якую нясе будаўніцтва Астравецкай АЭС, распавяла прадстаўніца Беларускай антыядзернай кампаніі Таццяна Новікава.

* * *

Павел Севярынец паведаміў, што сёння раніцай былі затрыманыя некалькі чалавек са Светлагорску, якія мусілі выступіць на мітынгу. Але яны перадалі свой зварот, які быў зачытаны.

* * *

Па словах старшыні Партыі БНФ і аднаго з заяўнікаў мерапрыемства Рыгора Кастусёва, людзі прыйшлі на Чарнобыльскі шлях, каб выказаца не толькі аб чарнобыльскіх праблемах, але і аб праблемах АЭС пад Астраўцом, аб экалагічна шкодных цэлюлозным заводзе ў Светлагорску і акумулятарным у Берасці.

– Пакуль я бачу, што ўлада не чуе, не рэагуе. Бо, напрыклад, па Светлагорскаму заводу адбываецца зусім незразумелае. Кітайцы, якія павінны былі наладжваць абсталяванне гэтага завода, з’ехалі на святкаванне кітайскага новага году і да гэтай пары яшчэ не прыехалі. І светлагорскія і цэнтральныя ўлады зараз не ведаюць, што з гэтым заводам рабіць. Як яго запускаць. Такая ж самая праблема з акумулятарным заводам у Берасці. Прынялі рашэнне завод размясціць, але не пралічылі экалагічныя наступствы.

Гэтыя прадпрыемствы будуюцца побач з населенымі пунктамі, што зусім недапушчальна, – кажа Рыгор Кастусёў. Таму трэба настойліва грукацца да ўладаў і да грамадства, каб не дапусціць ператварэння Беларусі ў палігон небяспечных і экалагічна шкодных вытворчасцяў, ад якіх іншыя краіны адмаўляюцца. 

* * *

На мітынгу выступіў прадстаўнік пратэстоўцаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці Аляксандр Кабанаў.

* * *

Мітынг пачаўся з хвіліны маўчання. Першымі на мітынгу выступілі святары і ліквідатары Чарнобыльскай аварыі.

* * *

Удзельнікі „Чарнобыльскага шляху – 2018” дайшлі да чарнобыльскай капліцы ў парку Дружбы народаў. Неўзабаве пачнецца мітынг.

* * *

Па падліках назіральнікаў-вясноўцаў, рушыць 430 чалавек.

* * *

Шэсце праходзіць міма ГЦ „Рыга”. Актывісты скандуюць „Астравец — другі Чарнобыль!”. Некаторыя мінакі падтрымліваюць іх воплескамі.

* * *

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў БелаПАН, што цяперашні „Чарнобыльскі шлях” адрозніваецца ад ранейшых шырокім колам экалагічных тэм: акрамя стварэння БелАЭС гэта праблемы з будаўніцтвам шкодных вытворчасцей у Светлагорску і Берасці. „У Светлагорску кітайцы пабудавалі завод, пачалі яго наладжваць, атруцілі людзей і паехалі адзначаць кітайскі Новы год — святкуюць да гэтага часу, — сказаў Кастусёў. — Мясцовыя і цэнтральная ўлады не ведаюць, што рабіць з гэтым заводам. У Брэсце — праблема будаўніцтва акумулятарнага завода, тэма якога гучыць пастаянна. Гэтая праблема, ад якой залежыць здароўе нашых грамадзян. Аднак Астравец — гэта праблема не толькі Беларусі, але і ўсяго свету, і ў першую чаргу Еўропы”. Паводле слоў палітыка, улады замоўчваюць шматлікія праблемы з будаўніцтвам БелАЭС, ствараючы яе паводле небяспечнага праекта. „Усе гэтыя пытанні мы хочам сёння ахапіць, прыняць рэзалюцыі па іх усіх”, — сказаў Кастусёў.

* * *

Гэта апошні „Чарнобыльскі шлях” перад тым, як на Астравецкую атамную электрастанцыю завязуць ядзернае паліва, сказаў ў нашым эфіры першы намеснік старшыні партыі «Зяленыя» Зміцер Кучук. Ён сярод удзельнікаў акцыі і перакананы, што аб праблемах ядзернай энергетыкі трэба казаць уголас:

– Гэта праблема патрабуе палітычнага рашэння. Тут ёсць два спосабы. Або ціснуць людзям на ўладу, проста выходзіць на вулічныя акцыі і пратэставаць. Калі мы пакажам свае сілы і пачнем неяк аб’ядноўвацца і выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю, то магчыма гэта паўплывае на тое, каб станцыю закрылі. І другі момант – калі б мы змянілі ўладу, то мы, канешне, вырашылі б гэтае пытанне, таму што ўсе апазіцыйныя партыі выступаюць супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС.   

* * *

„Чарнобыльскі шлях -2018” рушыў у шлях да чарнобыльскай капліцы ў парку Дружбы народаў. У шэсці ўдзельнічае 300-400 чалавек.

Удзельнікі „Чарнобыльскага шляху – 2018” збіраюцца каля кінатэатра „Кастрычнік”.

У Менску 26 красавіка праходзіць традыцыйны Чарнобыльскі шлях. Гэта акцыя прымеркаваная да 32-х угодкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

У аргкамітэт „Чарнобыльскага шляху” ўваходзяць прадстаўнікі Беларускай партыі „Зялёныя”, руху „За Свабоду”, руху салідарнасці „Разам”, Аб`яднанай грамадзянскай партыі (АГП), Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД).

Акцыя дазволеная Менгарвыканкамам. ​Збор а 18-й гадзіне на пляцоўцы каля кінатэатру «Кастрычнік», адтуль шэсце пойдзе да чарнобыльскай капліцы (храма ў гонар абраза Божай Маці «Адшуканне згінулых») у парку Дружбы народаў, каля якой пройдзе мітынг. Час завяршэньня акцыі — 20:30.

У 32-ю гадавіну чарнобыльскай катастрофы ў Менску пройдзе Чарнобыльскі шлях — штогадовая акцыя ў памяць аб ахвярах аварыі на ЧАЭС і яе наступстваў. Сёлетняя акцыя пачне разьлічаную на паўгода кампанію супраць будаўніцтва Беларускай АЭС пад назвай „Астравецкі шлях”.

Пратэстуюць супраць Астравецкай атамнай станцыі, якая Беларусі непатрэбная, заўважыў у нашым эфіры гісторык Алесь Краўцевіч:

– Вельмі добра напісаў палітолаг Валер Карбалевіч, што Лукашэнка не ведае, што гэта тэхналогія 1950-х гадоў, яму ніхто не патлумачыў. Лукашэнка чалавек даволі неадукаваны, цёмны, ён ведае пра гэтую атамную энергію з тых часоў, а гэта даўно ўсё не так.

Закрытасць беларускага грамадства і брак інфармацыі – гадоўныя праблемы, з якімі сутыкнулася Беларусі пасля катастрофы. А займаюцца праблемай выключна спецыялісты, дадае Алесь Краўцэвіч:

– Спецыялісты, лекары пра гэта будуць гаварыць, але яны таксама людзі паднявольныя. Закрытая статыстыка, у адрозненні ад Японіі, дзе ўсё адкрыта, дзе ўсё адсочваецца. І гэта самае страшнае наступства, і такая спадчына, ад савецкіх часоў – закрытае грамадства, калі людзі не маюць інфармацыі і не вераць нікому.

Чарнобыльскі шлях у Менску. Акцыя дазволеная. Збор пачнецца а 18-й гадзіне 26 красавіка на пляцоўцы каля кінатэатру „Кастрычнік”, адтуль шэсьце пойдзе да чарнобыльскай капліцы (храма ў гонар абраза Божай Маці „Адшуканьне загінулых”) у парку Дружбы народаў, каля якой пройдзе мітынг. Час завяршэньня акцыі — 20:30. Адначасова з Чарнобыльскім шляхам, у Кіеўскім сквэры, які недалёка ад храма, пройдзе дазволены мітынг КХП БНФ.

Беларускае Радыё Рацыя