Актывісткі «Матчынага руху» плануюць пачаць бестэрміновую галадоўку
27 красавіка актывісткі «Матчынага руху» плануюць распачаць бестэрміновую галадоўку. Такім чынам, яны хочуць выказаць пратэст супраць жорсткага заканадаўства ў сферы наркатычнага звароту.
Таццяна Канеўская (у цэнтры). Фота: „Гомельская Вясна”.
Адна з ініцыятарак галадоўкі Таццяна Канеўская патлумачыла сваю матывацыю ўдзелу ў акцыі пратэсту.
— 3 ліпеня 2016 года майго сына арыштавалі на надуманых фактах, якія былі сфальсіфікаваныя. Я спрабавала давесці, мы спрабавалі змагацца за гэта. Калі ў зале суда мне сказалі, што майго сына арыштоўваюць на 8 гадоў і 1 месяц, у мяне ўсё перавярнулася ўнутры. У нас тры асноўныя патрабаванні: асабістая сустрэча з Аляксандрам Рыгоравічам, стварэнне камісіі для перагляду спраў пачынаючы з 2013 года, і перагляд заканадаўства.
На ініцыятарак галадоўкі адразу пачаўся ціск. Актывістку Таццяну Канеўскую звольнілі з працы. Жанчына распавядае, што яе вымусілі напісаць адпаведную заяву.
— Мяне выклікалі ў райвыканкам, бо я даглядала інваліда І групы. Мяне выклікалі туды на камісію, дзе сказалі, што ім паступіў сігнал з гарвыканкама пра тое, што я іду на галадоўку. Спачатку не звальнялі, а проста папярэджвалі, што, калі вы пойдзеце, мы будзем вымушаныя папрасіць вас сысці. Сёння мяне паклікалі трэці раз на камісію, а пасля яе мяне папрасілі напісаць заяву, што я не магу даглядаць інваліда, бо знаходжуся на галадоўцы.
Паводле Таццяны Канеўскай, у месцах пазбаўлення волі знаходзіцца больш за 16 тысячаў чалавек, асуджаных за распаўсюд наркотыкаў.
У галадоўцы будзе ўдзельнічаць 17 чалавек. Самай малодшай з іх – 22 гады, самай старэйшай – 72.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя