Свет вакол нас
Не ўсе людзі вызначаюцца высокім інтэлектам і жалезнай логікай. Падчас мы спачатку робім, а потым думаем. Эмоцыі. Зашмат эмоцый, але ці кожны мае на іх права?
Дзіўная гісторыя здарылася з Беларускай АЭС у Астраўцы. Амаль пабудавалі, а цяпер думаем – навошта? У прыватнасці, днямі кіраўнік дзяржавы заявіў, што яму лагічна не растлумачылі, як станцыя будзе ўбудавана ў эканоміку краіны. Дзіўныя справы адбываюцца ў свеце вакол нас. Кіраўніку дзяржавы не растлумачылі. Своечасова.
Людзі маюць права чагосьці не разумець. Людзі маюць права на эмоцыі… А палітыкі ды фізікі-ядзершчыкі? Па тэорыі яны павінны спачатку думаць, а потым рабіць штосьці. На практыцы хацелася б верыць, што гэтыя таварышы перш-наперш падумаюць пра нашу бяспеку. Пра эканоміку і экалогію таксама.
Давайце пакінем эмоцыі паэтам? Паэтам, якія нагадаюць палітыкам пра сумленне.
Яблыневыя сады,
заплюшчыўшы бела-ружовыя павекі,
вы замоўклі, з надзеяй чакаючы на наша вяртанне.
І калі, цэзіем аплодненыя,
чырванню наліліся вашы завязі,
толькі здзічэлыя й згаладалыя кошкі
па зорках вярнуліся назад,
але яблыкаў вашых яны ўсё роўна не елі.
Яблыкі ападалі й гнілі, крыжы
высыхалі без нашых слёз,
гароды заблытваліся ў пустазеллі
і заціхалі.
А нашы дамы старэлі,
дамы гублялі ад гора розум і памяць.
Чужыя людзі вырвалі з цвікамі дошкі падлогі,
знялі са сцен пыльныя дываны з паўлінамі,
скралі і знеслі ўсе нашы хворыя рэчы,
хворыя рэчы, якія ніхто не мог вылечыць,
рэчы, якія самі маўчалі пра сваю хваробу.
Рэчы, без якіх нашы дамы
перасталі быць домам.
Урывак з верша “1986” Юліі Цімафеевай.