Літва патрабуе тлумачэнняў з нагоды інцыдэнту на БелАЭС



26 красавіка пасол Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль быў выкліканы ў Міністэрства замежных спраў Літвы, дзе атрымаў ноту з просьбай даць як мага хутчэй падрабязную інфармацыю пра інцыдэнт 17 лютага на астравецкай атамнай электрастанцыі (АЭС).

„Літоўскія кампетэнтныя органы і грамадскасць не былі праінфармаваныя пра інцыдэнт, які здарыўся больш за два месяцы таму. Паводле паведамленняў беларускіх СМІ, 17 лютага, калі на заводзе былі пратэставаныя сістэмы аварыйнай бяспекі рэактара, здарыўся пажар, падчас якога гарэла электрычная панэль”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы МЗС Літвы.

У ноце прапануецца старанна вывучыць прычыны пажару і аператыўна прадставіць інфармацыю пра інцыдэнт і зробленыя захады.

На думку экспертаў па ядзернай бяспецы Літвы, неабходны дбайны аналіз прычын і наступстваў пажару, паколькі гэта можа мець негатыўныя наступствы для бяспекі астравецкай АЭС на этапе эксплуатацыі.

Міністэрства замежных спраў Літвы нагадвае, што ў 2016 годзе на астравецкай АЭС здарылася шэсць інцыдэнтаў, вядомых у Літве, што выклікае сур’ёзныя сумневы ў дачыненні да якасці работы па распрацоўцы праекта і яго патэнцыйнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

25 красавіка жыхар Астраўца (Гродзенская вобласць), антыядзерны актывіст Мікалай Уласевіч паведаміў БелаПАН са спасылкай на свае крыніцы аб тым, што 17 лютага на АЭС здарылася буйное ўзгаранне. Ён заявіў, што агонь, паводле слоў відавочцаў, узнік у электрашчытавой падчас выпрабавальнага запуску абсталявання сістэмы аварыйнай абароны рэактара. Паводле слоў актывіста, шчытавая з дарагім абсталяваннем цалкам выгарала, пашкоджана таксама мноства электрычных кабеляў.

На БелАЭС гэтую інфармацыю абверглі. „Інфармацыя пра нібыта „вялікі пажар” з пашкоджаннем значнай колькасці дарагога абсталявання не адпавядае рэчаіснасці. Ніякіх работ па выпрабавальным запуску абсталявання аварыйнай сістэмы абароны рэактара не праводзілася. Сістэмы бяспекі энергаблока ў цяпер знаходзяцца ў стадыі мантажу”, — звярнулі ўвагу на атамнай станцыі.

Разам з тым у паведамленні БелАЭС гаворыцца, што 17 лютага ў 13.20 адбылося „кароткае замыканне на часовым сілавым кабелі, які забяспечвае электрасілкаванне вежавага крана і пракладзены на вонкавай бетоннай сцяне аднаго з будынкаў, што ўзводзіцца”. У выніку „адбылося пашкоджанне ізаляцыі названага кабеля без наступнага гарэння”. „Гэтае здарэнне было расследавана генеральным падрадчыкам і заказчыкам з удзелам МНС ва ўстаноўленым парадку”, — запэўнілі на БелАЭС.

belapan.by