Кастусь Жукоўскі: Пачалі судзіць за тое, што гук перадаю



У Гомелі працягваецца пераслед журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Цэнтральнага РАУС Гомеля Уладзіслаў Шукель склаў чарговы пратакол на відэааператара за “незаконны выраб інфармацыйнай прадукцыі”. Гаворка ідзе пра відэаматэрыял з удзелам блогера Паўла Главацкага, які выходзіў на тэлеканале “Белсат” у пачатку года.

Сам Кастусь Жукоўскі зазначае, што пратакол складзены са шматлікімі парушэннямі:

– Шукелем не ўстаноўлена месца правапарушэння, ён напісаў: „на вуліцы Кніжнай з восьмага па дзясятага”. Насамрэч гэта магло быць не толькі ў мяне дома, але і на Рэчыцкім праспекце. Так, я размаўляў са сваім сябрам, запісаў яго на відэа. Так, я даслаў відэа ў розныя агенцтвы, у тым ліку на „Белсат”. Але я гэтае відэа не вырабляў, як мы чулі нават па гуку, там дыктар, а пасля казала дзяўчына, якая працавала з гэтым відэа. А ўвогуле мы відэа нават не бачылі, а чулі толькі гук. Гэта ўвогуле абсурд – ужо пачалі судзіць за тое, што гук перадаю.

Суддзя Цэнтральнага раённага суда Гомеля Алеся Осіпава прызначыла дадатковы разгляд справы на 2 траўня. Кастусь Жукоўскі зазначае, што можа не трапіць на суд, паколькі яго ў тэрміновым парадку выклікаюць на вайсковыя зборы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель