ЕБРР зоймецца падрыхтоўкай „Крыніцы” да прыватызацыі



Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця і беларускі ўрад падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні па падрыхтоўцы да прыватызацыі дзяржкампаніі „Крыніца”, якая з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам піва ў краіне.

Мемарандум разлічаны на 2018—2020 гады і прадугледжвае, што ЕБРР акажа падтрымку ў пошуку стратэгічнага інвестара для „Крыніцы”, а таксама спецыялізаваную тэхнічную дапамогу. „У прыватнасці будзе аказаная падтрымка ўраду ў планах па рэструктурызацыі ААТ „Крыніца” для павышэння канкурэнтаздольнасці і інвестыцыйнай прывабнасці прадпрыемства”, — паведамляе ЕБРР.

Акрамя гэтага, на прадпрыемстве „будуць укаранёныя рацыянальныя і празрыстыя механізмы кіравання, міжнародныя стандарты якасці і працэдуры сертыфікацыі, якія прымяняюцца ў півабезалкагольнай прамысловасці”.

У далейшым ЕББР разгледзіць магчымасць падтрымкі „Крыніцы” ў форме ўдзелу ў акцыянерным капітале прадпрыемства, паведамляе банк.

У студзені ўрад ухваліў праект мемарандума з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця аб падрыхтоўцы піваварнай кампаніі „Крыніца” да прыватызацыі.

У пачатку гэтага года кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі Аляксандр Піваварскі, адказваючы на пытанні БелаПАН, анансаваў праект па падрыхтоўцы „Крыніцы” да прыватызацыі. Працэс перадпрадажнай падрыхтоўкі „Крыніцы” будзе фінансавацца за кошт уласных сродкаў ЕБРР, удакладніў Піваварскі.

ААТ „Крыніца” — найбуйнейшы вытворца піва ў Беларусі, які належыць дзяржаве. Кампанія выпускае піва, квас, безалкагольныя напоі.

Чысты прыбытак кампаніі „Крыніца” паводле вынікаў працы ў 2017 годзе склаў усяго 46 тысяч рублёў. Звесткі афіцыйнай справаздачнасці кампаніі сведчаць, што памер чыстага прыбытку ў параўнанні з пазамінулым годам практычна не змяніўся (у 2016-м — 44 тыс. рублёў).

Пры гэтым выручка кампаніі за 2017 год склала 98,2 млн рублёў і павялічылася на 10,7% у параўнанні з пазамінулым годам. У той жа час прыбытак ад рэалізацыі склаў 9,57 млн рублёў супраць 13,3 млн рублёў у 2016 годзе.

Са справаздачнасці вынікае, што невялікі памер чыстага прыбытку (46 тыс. рублёў) звязаны са значнымі плацяжамі кампаніі па крэдытах. У справаздачнасці кампаніі гаворыцца, што страта „Крыніцы” ад фінансавай і інвестыцыйнай дзейнасці летась склала 8,6 млн рублёў.

belapan.by

Фота rdnv.me