Ці прыйдуць у Беларусь лаўкост-кампаніі?
Галоўны рэдактар выдання “Турызм і Адпачынак” Лілія Кобзік палумачыла, чаму беларусы да гэтага часу падарожнічаюць лаўкоставымі авіякампаніямі праз суседнія краіны.
У сваім пасланні народу і парламенту Аляксандр Лукашэнка запытаўся: «Чаму нашым грамадзянам больш выгадна лятаць адкуль заўгодна – з Вільні, Кіева, Варшавы, але не з Менска?»
Нагадаем, што ў Літве, Украіне альбо Польшчы працуе шэраг лаўкостараў-авіякампаній, якія прапануюць палёты па мінімальных цэнах, але без большасці дадатковых паслуг для пасажыраў, з вельмі абмежаваным аб’ёмам багажу, нярэдка ў нязручны час або ў далёкія ад папулярных гарадоў аэрапорты. Хацелі прыйсці лаўкост-кампаніі і на беларускі рынак, але ім адмовілі.
Лілія Кобзік: Мы памятаем, што расейская лаўкост-кампанія “Победа” хацела прыйсці ў Беларусь, але бакі так і не знайшлі паразумення. Калі б ім дазволілі тут працаваць, то, магчыма, гэта быў бы нейкі знак іншым лаўкостарам. Але гэтага не адбылося.
Мне падаецца, што ў гэтай сітуацыі найперш трэба казаць пра турботы дзяржавы пра лёс нацыянальнага авіяперавозчыка. Бо ў той жа Літве яго няма. А нацыянальны перавозчык можа проста не вытрымаць канкурэнцыю з лаўкостарамі. Дзяржаўная кампанія, напэўна, пакуль не гатова да такога паварота падзей, калі прыйдзецца дзяліць неба з лаўкостарамі. На мой погляд, пытанне прыходу ў Беларусь лаўкостараў будзе вісець у паветры яшчэ доўга.
РР: Раней генеральны дырэктар Нацыянальнага аэрапорта Мінск Дзмітрый Мелікян казаў, што мадэль лаўкостаў “не ўпісваецца ў нашы стандарты”. Маўляў, народ пры авіяпералётах павінен атрымліваць высакаякасную паслугу.
Лілія Кобзік: Трэба адзначыць, што з кожным годам паслугі “Белавія” і на самай справе становяцца ўсё больш якаснымі, таму мы не павінны ўсё маляваць чорнымі фарбамі. Але нас не задавальняе толькі адно – вялікія кошты. І тут “Белавія”, безумоўна, ёсць над чым падумаць, хаця таксама робяцца некаторыя захады ў гэты бок. Часам прапаноўваюцца і акцыі, якія па кішэні сярэдняму беларусу. Але спадзявацца, што заўтра ў нас будзе такая ж сітуацыя, як у Літве з лаўкостарамі, не выпадае. Пакуль гэта з вобласці фантастыкі. Іншая справа, што сама “Белавія” павінна больш рухацца да лаўкостарскай формы.
РР: Ці выгодна было б краіне, калі б у Беларусь прыйшлі лаўкост-кампаніі?
Лілія Кобзік: Тут трэба пралічваць, як пры гэтым будзе пачуваць нацыянальны перавозчык, які з’яўляецца дзяржаўным. Гэдак жа, як і аэрапорт. Эканамісты павінны зрабіць разлікі, хаця ў Беларусі шмат што падпарадкоўваецца якраз не эканамічным матывам. З інашага боку некалі казалі, што дзяржава ніколі не пойдзе на бязвізавы рэжым, але ж сёння справа зрушылася. І нічога з эканомікай не здарылася, і сістэма не абрынулася. А ў краіны палепшыўся імідж. Таму, можа быць, тое самае адбудзецца калі-небудзь і з лаўкостамі, хаця, паўтаруся, нацыянальнага перавозчыка гэту вельмі пужае. І яго можна зразумець.
Кастусь Забллоцкі, Беларускае Радыё Рацыя