Леў Марголін: Беларуская АЭС можа застацца незапатрабаванай



Эканаміст Леў Марголін патлумачыў, чаму немэтазгодна было будаваць у Беларусі атамную электрастанцыю.

Днямі беларускі кіраўнік занепакоена распавёў, што “працуюць сотні навукоўцаў і чыноўнікаў”, а яму “ніхто так і не распавёў, як АЭС будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны”.

Леў Марголін: Раней улады будавалі грандыёзныя планы ў сувязі з атамнай элктрастанцыяй. Але, відаць, гэта былі агульныя словы, не больш за тое. Эколагі не так даўно падлічылі, што нават, калі ўсе аўтамабілі перавесці на электрычнасць, то гэта павялічыць спажыванне электраэнергіі ўсяго на 5-10 адсоткаў. Таму зусім верагодна, што Беларуская АЭС можа застацца незапатрабаванай.

Былі вялікія спадзяванні, што электраэнергію кінуцца купляць заходнія краіны-суседзі, але зараз бачна, што тут не ўсё так проста. І ўлада зразумела, што, хутчэй за ўсё, ніякага вялікага экспарту не атрымаецца. Таму зараз і задаюцца пытаннем: як у такім выпадку выкарыстоўваць электраэнергію? І, наколькі я разумею, нейкага вычарпальнага адказу ва ўладаў няма.

РР: Нават прадпрымальнік з рынка, перш чым купіць тавар, усё пралічвае, а ў гэтым выпадку атрымліваецца, што спачатку вырашылі пабудаваць, а ўжо затым думаць пра разлікі?

Леў Марголін: Напэўна, ёсць нейкія разлікі, але яны для таго ж беларускага кіраўніка, не пераканаўчыя. Акрамя таго, трэба разумець розніцу паміж прадпрымальнікам і дзяржавай. Гэта ўжо не першы раз, калі дзяржава выкідвае грошы ў пясок. Успомнім рэканструкцыю дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, малочна-таварных фермаў, будаўніцтва сумесных заводаў. Большасць гэтых інвестыцый не апраўдалі чаканні, якія на іх ускладаліся.

Дарэчы, незалежным экспертам і шмат якім прадстаўнікам энергетычнага сектара яшчэ раней было вядома, што, калі і будаваць АЭС, то трэба ўсё больш дэталёва пралічваць. Але гэта не было зроблена, бо грошы ж не свае, а дзяржаўныя.

РР: Атамная станцыя будуецца на расейскі крэдыт…

Леў Марголін: Але ж яго дзяржава павінна з часам аддаць. Іншая справа, што ўлады, магчыма, таксама разлічваюць гэты крэдыт нейкім чынам спісаць у межах сяброўскіх стасункаў альбо за кошт пастаўкі электраэнергіі па зніжаных коштах. Хаця, як мне падаецца, аддаваць грошы прыйдзецца, бо і ў Расеі крызіс. А ўвогуле, я лічу, што з эканамічнага гледзішча будаваць у Беларусі АЭС было немэтазгодна.   

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя