У Берасці выклікалі ў міліцыю чатырох зборшчыкаў подпісаў



У Берасці 27 красавіка чатырох чалавек выклікалі ў міліцыю з нагоды збору імі подпісаў за адхіленне ад пасад кіраўнікоў рэгіёну.

Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, усім гэтым людзям увечары 26 красавіка прынеслі дадому адпаведныя позвы.

„Сёння ў апорных пунктах аховы правапарадку Ленінскага РАУС апыталі трох чалавек: з якой мэтай яны збіралі подпісы, з двума з іх правялі прафілактычную размову аб недапушчальнасці парушэння закона „Аб масавых мерапрыемствах”, — адзначыў Кісляк.

Паводле яго слоў, яшчэ адзін выкліканы, мужчына пенсійнага ўзросту, не з’явіўся ў міліцыю па стане здароўя.

„У гэтым выпадку збор подпісаў рэгламентуецца законам „Аб зваротах грамадзян”, але не законам „Аб масавых мерапрыемствах”, як да гэтага падводзілі супрацоўнікі міліцыі. Гэта абсурд — браць у чыноўнікаў дазвол на збор подпісаў за іх адстаўку”, — заявіў праваабаронца.

16 красавіка ў Берасці праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода пачалі збор подпісаў за адхіленне ад пасад старшынь аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама. Зварот будзе накіраваны Аляксандру Лукашэнку.

„Праціўнікі будоўлі лічаць, што гэтыя чыноўнікі дзейнічаюць па выразна вызначанай праграме: акумулятарнаму заводу быць любой цаной”, — адзначыў Кісляк.

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасцейскага раёна і Берасця лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта 22 лютага.

Створаная ў сувязі з гэтым зваротам урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве акумулятарнага завода. Праціўнікі будаўніцтва не згодныя з такім адказам і маюць намер звярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі.

27 сакавіка суд Маскоўскага раёна Брэста адмовіў у задавальненні іску грамадзян і грамадскага аб’яднання „Экадом” да ТАА „АйПаўэр” і Берасцейскі райвыканкама. Істцы прасілі суд прыпыніць дзейнасць „АйПаўэра” па будаўніцтве завода да правядзення паўторнага грамадскага абмеркавання актуальнай справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. 6 красавіка істцы падалі дзве касацыйныя скаргі на гэта рашэнне ў Брэсцкі абласны суд.

З 25 лютага кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны стаяць групамі, размаўляюць, абмяркоўваюць навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, кормяць галубоў.

Берасцейскі гарвыканкам санкцыянаваў правядзенне 29 красавіка мітынгу „Брэстаўчанкі супраць свінцу”.

belapan.by