Чарговы віток канфлікту паміж украінскай і маскоўскай цэрквамі
Нагадаем храналогію падзеяў. 22 красавіка Пётр Парашэнка заявіў, што Сусветны Патрыярх распачаў працэдуры, неабходныя для прадстаўлення Кіеўскаму патрыярхату аўтакефаліі. “Прадстаўленне Украінскай царкве самастойнага статусу – ключавы момант украінскай незалежнасці”, – дадаў Парашэнка.
Усё гэта выклікала сапраўдную істэрыку ў Маскоўскім патрыярхаце. Кіеўскі патрыярхат традыцыйна абвінавацілі ў “расколе” і “некананічнасці”. Нягледзячы на тое, што большасць праваслаўных украінцаў падтрымлівае ідэю незалежнасці ад Маскоўскага патрыярхату, кіраўніцтва апошняга распачало масава раздаваць у сваіх цэрквах пустыя бланкі лістоў да Сусветнага Партрыярха Варфламеля, з патрабаваннем не надаваць Кіеўскаму патрыярхату аўтакефалію.
Характэрна, што надпісы на бланках, якія раздаюцца ў царквах Маскоўскага патрыярхату, выкананыя ўкраінскай мовай.
Нагадаем, што ў Беларускім экзархаце Расейскай праваслаўнай царквы карыстаюцца расейскай мовай, а Патрыяршы экзарх Павел, родам з Караганды, пагэтуль не валодае беларускай.
Беларускае Радыё Рацыя