Гомельскі вазочнік змагаецца за права на свежае паветра
У Гомелі суседзі інваліда-вазочніка выступілі супраць усталявання электрапандуса.
27-гадовы гамяльчук Андрэй Антоненка з’яўляецца інвалідам з дзяцінства. Перасоўваецца ў прасторы ён толькі на вазку, на якім самастойна выбрацца на вуліцу з пад’езда шматкватэрнага дому не можа з-за шматлікіх бар’ераў. Калі ж зайшла гаворка пра з’яўленне ў пад’ездзе электрапад’ёмніка, некаторыя суседзі з дому 18 па вуліцы Народнага Апалчэння нечакана адмовіліся падтрымаць хлопца. Андрэй Антоненка мяркуе, што людзі не разабраліся ў сітуацыі.
Андрэй Антоненка:
– У нас дом кааператыўны. Таму мала падтрымкі ўлады, патрэбна таксама згода ўласнікаў. А яны па незразумелых для мяне прычынах выступілі супраць. То бок, людзі, гледзячы па ўсім, не зусім разумеюць сутнасць пытання, не ўяўляюць, як будзе выглядаць пад’ёмнік. Плюс да ўсяго была няправільна пададзеная інфармацыя з боку старшыні жыллёвага кааператыва, з якой вынікала, што нібыта набыццё і абслугоўванне пад’ёмніка будзе ажыццяўляцца за кошт жыхароў. І гэта, як я лічу, паўплывала на рашэнне большасці жыхароў.
Праблема вазочніка Андрэя Антоненкі знайшла водгук у кабінетах высокіх гомельскіх начальнікаў. На спецыяльным пасяджэнні ў старшыні Гомельскага гарвыканкама Пятра Кірычэнкі было вырашана дапамагчы ва ўсталяванні электрапандуса.
26 красавіка ў актавай зале школы № 60 Гомеля дэсант прадстаўнікоў улады выступіў перад сябрамі жыллёвага кааператыва. Намесніца старшыні Чыгуначнай раённай адміністрацыі Надзея Куніцкая звярнулася да некалькіх дзясяткаў чалавек з просьбай праявіць міласэрнасць. “Андрэй – такі ж грамадзянін Рэспублікі Беларусь, як і ўсе прысутныя. Ён мае права карыстацца ўсімі дабротамі, як і вы. Устаноўка пад’ёмніка будзе ажыццяўляцца за спонсарскія сродкі. Тэхабслугоўванне і аплата электраэнергіі – за кошт фізічных асобаў, то бок сям’і Антоненка. Для агульнай інфармацыі: затраты на электраэнергію будуць мінімальныя, таму што прыстасаванне новае”.
Нягледзячы на заўпэўніванні чыноўніцы, у “галёрцы”, на якой размясцілася група мужчын пенсійнага ўзросту, пракаціўся незадаволены гоман. Нават данесліся да першых шэрагаў абрыўкі фраз “мягка сцеліць”.
Маці вазочніка, Тамара Антоненка, гаворыць, што ўсталяванне пандуса – жыццёва важнае пытанне.
“Да 25-гадовага ўзроста Андрэя я старалася сама спраўляцца з праблемай. У вазок яго пасаджу, пацягнула на сабе і ўсё… Але сілы мяне ўжо сталі пакідаць, здароўе не тое, старэем. І вось уявіце сабе, наколькі цяжка мне выйсці з ім з пад’езда. Кожны раз думаеш пра тое, каб не ўпасці. А падымацца яшчэ больш складана. Гэта праблема ўсіх вазочнікаў, якія сядзяць пустэльнікамі ў сваіх сценах”, – выказвае набалелае жанчына.
Андрэй Антоненка, карыстаючыся магчымасцю, звяртаецца да сваіх суседзяў:
– Асабіста я нікому з вас нічога кепскага не зрабіў, таму няправільна неяк выказваць агрэсію да мяне і маёй сям’і. Не па-чалавечы і не па-хрысціянску гэта. Давайце вырашаць праблему мірным шляхам! Ніводзін нармальны чалавек не любіць скандалаў, не будзем сварыцца, спрачацца, паколькі гэта знясільвае. Я хачу ад вас атрымаць падтрымку…
Нягледзячы на заклікі інваліда, жарсці на сходзе толькі накаляліся. У працэсе абмеркавання адна маладзіца ўзяла слова, спытала ў маці Андрэя: “Гавораць, што вам далі яшчэ адно сацыяльнае жыллё з электрапад’ёмнікам, дзе ваш сын зарэгістраваны. Тут я яго амаль не бачу”. Тамара Антоненка адказала, што сапраўды пабудавала па ільготным крэдыце кватэру, але там няма пад’ёмніка, умовы яшчэ горш, чымся ў гэтым доме. А Андрэй нячаста выходзіць на вуліцу, паколькі вельмі цяжка яго транспартаваць. “Як мне выходзіць з ім, у мяне ўжо сіл няма яго выцягваць!? Любы з вас паспрабуйце яго падняць, запрашаю пасля схода да сябе ў госці. Супакойцеся, людзі, Андрэй з’яўляецца ўласнікам кватэры ў вашым доме”, – гаворыць маці.
Падчас сходу пераконвалі жыхароў у неабходнасці ўсталявання электрапандуса прадстаўнікі МНС, якія гаварылі пра пажарную бяспеку абсталявання. Кіраўнікі ЖЭУ абгрунтавана даводзілі, што ўсталяванне пандуса не парушае санітарных і тэхнічных нормаў. Дэпутат гарсавета прыводзіў пазітыўныя прыклады з іншых дамоў, дзе жыхары наадварот падтрымлівалі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. “Мы ж збіраемся з вамі ўсімі ў Еўропу, а самі ў стаўленні да бліжніх не дараслі да гэтага”, – з горыччу заклікаў дэпутат. З аўдыторыі жа перыядычна даляталі фразы пра шум ад будучага пандуса і пра тое, як жа пасля ўсталявання пад’ёмніка мэблю ў пад’езд заносіць…
Па завяршэнні схода з 38 чалавек-сябраў кааператыва, прысутных у залі, 22 далі сваю згоду на ўсталяванне пандуса. Цягам наступных сутак вазочнік Андрэй Антоненка з маці абышлі кватэры іншых уласнікаў. Па стане на 28 красавіка амаль 80 чалавек выказаліся ў падтрымку суседа. Для пачатку прац патрэбна, каб за пандус прагаласавала хаця б дзве траціны са 175 уласнікаў кватэр.
Андрэй Антоненка гаворыць, што пасля крытычных публікацый у прэсе і ўмяшальніцтва гарадскіх уладаў апаненты прыціхлі. Большасць суседзяў паводзіць сябе адэкватна.
– Мая сітуацыя – спроба не толькі вырашыць прыватную праблему, а прыцягнуць увагу грамадства да таго, што вазочнікі фактычна замкнёныя ў сваіх кватэрах, пазбаўленыя права на свежае паветра. Я спадзяюся, пасля майго здарэння ў грамадстве людзі пачнуць разумець, што трэба быць больш уважлівымі да тых, хто не можа свабодна рухацца ў гарадской прасторы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель