Актывістак „Матчынага руху”, якія галадаюць, запрасілі ў Адміністрацыю прэзідэнта
Актывістак руху „Матчын рух 328”, якія 27 красавіка распачалі галадоўку ў Калінкавічах, запрасілі ў Адміністрацыю прэзідэнта на сустрэчу з Наталляй Качанавай. Пра гэта БелаПАН паведаміла адна з удзельніц галадоўкі Таццяна Канеўская.
Паводле яе слоў, вечарам 27 красавіка, каля 21.00, у прыватную кватэру, дзе праводзяць галадоўку шэсць жанчын, з’явіліся старшыня Калінкавіцкага райвыканкама Сяргей Гвоздзь і старшыня райсавета дэпутатаў Віктар Замосцік. „Яны прыйшлі, каб з намі пазнаёміцца і паведаміць, што 2 траўня Адміністрацыя прэзідэнта гатовая нас прыняць. Мы сказалі, што Качанава нам не патрэбна, мы з ёй размаўлялі, але яна не вырашае тыя пытанні, якія мы задаём, таму мы прапанавалі свой спіс сустрэч. Калі яны нам яго пададуць — мы паедзем”, — падкрэсліла Таццяна Канеўская.
Іншая ўдзельніца галадоўкі, Ліяна Шуба, расказала, што ў спісе, які прапанавалі жанчыны, — старшыня Вярхоўнага Суда, генеральны пракурор, кіраўнікі Савета бяспекі, Следчага камітэта, міністр унутраных спраў, кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. „Мы хочам данесці да гэтых людзей, што неабходна змена заканадаўства, хочам дамагчыся ад іх канкрэтных дзеянняў і абазначэння канкрэтнай даты — калі законапраект будзе гатовы, калі будзе ўнясенне змяненняў у артыкул 328 КК”, — заўважыла Шуба.
Да Савета бяспекі ўдзельнікі галадоўкі хочуць данесці, што пагрозай нацыянальнай бяспецы з’яўляецца не толькі наркаманізацыя насельніцтва, але і калі маладыя людзі, якія павінны служыць у арміі, сядзяць у турме, і многія — з-за правакацый. „Калі хто-небудзь з чыноўнікаў, ад якіх залежыць лёс законапраекта і перагляду крымінальных спраў, не захочуць з намі сустрэцца, то тады ў любым выпадку толькі сустрэча з Лукашэнкам”, — дадала ўдзельніца галадоўкі.
Паводле яе слоў, старшыні райвыканкама і райсавета нават папрасілі прабачэння за дзеянні сваіх падначаленых, бо 27 красавіка жанчын наведвалі прадстаўнікі міліцыі — прыносілі павестку ў пракуратуру, а яшчэ дырэктар школы, якая турбавалася за непаўналетніх дзяцей без нагляду, прыходзілі з працы дачкі гаспадыні кватэры. „Але нам у Гомельскім гарвыканкаме патлумачылі раней, што на прыватнай тэрыторыі мы можам галадаць, нельга толькі вывешваць лозунгі на вуліцу і не выкрыкваць іх”, — адзначыла Шуба.
Жанчыны прасілі таксама мясцовыя ўлады дапамагчы ім з транспартам на 2 траўня, бо гэта будзе ўжо шосты дзень галадоўкі, і яны будуць знясіленыя. Яшчэ адна просьба — дазволіць жанчынам, што галадаюць, каб іх суправаджалі прадстаўнікі недзяржаўных СМІ (БелаПАН, Tut.by, „Радыё Свабода”, „Наша Ніва”) — „каб нас прывезлі ў адміністрацыю прэзідэнта, а не ў ізалятар на вуліцы Акрэсціна”.
Актывісты грамадскай ініцыятывы „Матчын рух 328”, якая аб’ядноўвае сваякоў асуджаных па артыкуле 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), абвясцілі бестэрміновую галадоўку 27 красавіка. Акцыя праводзіцца пад Менскам і ў Калінкавічах.
Мэта галадоўкі — прыцягнуць увагу ўлад да неабходнасці змякчэння пакарання па артыкуле 328 КК. Удзельнікі акцыі патрабуюць таксама стварыць камісію па пераглядзе адпаведных крымінальных спраў пачынаючы з 2013 года і ўнесці змяненні ў заканадаўства, у тым ліку для больш шырокага прымянення амністыі і ўмоўна-датэрміновага вызвалення да асуджаных па арт. 328 КК.
Шэсць актывістаў сабраліся пад Мінскам, яшчэ столькі ж — у Калінкавічах (Гомельская вобласць). З імі знаходзяцца групы падтрымкі, якія сочаць за станам іх здароўя.