Гульня «Яшчур» увойдзе ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў



Народная моладзевая гульня «Яшчур» вёскі Гута Варапаеўскага пасялковага савета на Віцебшчыне ўвойдзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, паведамляе Белта.

Прапанову ўхваліла Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі.

Гульня «Яшчур» (а па-мясцоваму «Яшчар») была шырока распаўсюджана на Пастаўшчыне. У 2012 годзе яна была адноўлена ўдзельнікамі фальклорнага гуртка Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра.

Калі пачынаецца гульня, выбіраецца вядоўца – хлопец-яшчур, якога пераапранутым саджаюць у цэнтры, і вакол яго рухаецца карагод дзяўчат з песняй. Падчас карагоду яшчур выбірае сабе „дзеву”, з якой ён здымае хустку або вянок, а потым кожная дзяўчына спявае яшчуру традыцыйную песню-просьбу і выконвае яго заданні, каб вярнуць рэч. На вечарыне таньчаць кракавяк, лявоніху, польку ды іншыя танцы, а таксама гуляюць у народныя забавы „Адам і Ева”, „Споведзь”, „Галубка”, „Ручаёк”, „У кісяля”, „Золата” і іншыя.