У Менску адкрылі помнік на магіле Паўла Шарамета
На Паўночных могілках Менска адкрыты помнік журналісту Паўлу Шарамету на ягонай магіле. Ён быў забіты 20 ліпеня 2016 года ў Кіеве, у выніку падрыва аўтамабіля, на якім ехаў на працу. На мануменце выбіты словы, якія былі яго крэда: „Сіла не ў сіле. Сіла ў праўдзе”.
Манумент, які ўяўляе сабой расколаты пасярэдзіне цёмны граніты куб, адкрыла маці журналіста, Людміла Шарамет:
– Павал змагаўся за праўду, за дэмакратычнае грамадства, за свабодныя, праўдзівыя СМІ. І яго і сэнсам жыцця, і пуцяводнай зоркай былі словы: „Сіла не ў сіле. Сіла ў праўдзе”. Гэта не ягоныя словы, а біблейскія. Але ён жыў з гэтым ідэалам.
„І праўда абавязкова пераможа, рана ці позна”, – сказала Людміла Шарамет. Потым адбылася цырымонія асвячэння помніку.
На адкрыцці прысутнічалі і ўсклалі кветкі да помніку дзясяткі людзей. Гэта сваякі, калегі Паўла Шарамета, палітыкі, грамадскія дзеячы.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск