Міжнародны дзень настолак у Гародні
Гарадзенская крама “Кубік” і творчая суполка “А4” сабрала ў горадзе над Нёманам больш за сотню аматараў настольных гульняў на адмысловую гульнятэку на адкрытым паветры. Гульнятэка стала адзначэннем Міжнароднага дня настольных гульняў.
Пра імпрэзу распавядае арганізатар свята Антон Янкоўскі:
– Зладзілі такую вялікую гульнятэку з турнірамі, розыгрышамі, рознымі прэзентацыямі. Адметна тое, што мы запускаем летні сезон, таму кожную суботу і нядзелю сюды можна прыйсці, узяць гульню і пагуляць. Можа, не ў такім вялікім фармаце, як зараз, але ў мініфармаце можа быць. І мы гаварылі пра тое, што, магчыма, раз у месяц, пакуль лета, мы будзем ладзіць мініфестывальчыкі, дзе можна не толькі пагуляць, а правесці турнір і нешта выйграць.
Па словах гарадзенцаў, якія прыйшлі на фэст настолак, на такіх фэстах не толькі знаходзіш калегаў па хобі, але і сяброў, з якімі цікава быць побач.
– Атмасфера заўсёды добрая. Шмат цікавых людзей з аднолькавымі інтарэсамі. Увогуле, калі любіш настольныя гульні – гэта добрая магчымасць пагуляць, сабрацца вялікай камандай, пазнаёміцца з новымі гульнямі, паўдзельнічаць у турніры не толькі са сваімі сябрамі, з якімі заўсёды гуляеш, але і з людзьмі, якія любяць гэтыя гульні, якія добра гуляюць, можа, нават лепш за вас і вашых сяброў.
– Падабаецца гэтая асаблівая атмасфера, гэтыя дэкарацыі, увогуле магчымасць сабрацца з сябрамі і весела правесці час.
На мерапрыемства прыйшлі людзі рознага ўзросту: як дзеткі ад 5 гадоў, так і бабулі з унукамі, а моладзь адмыслова прыходзіла паўдзельнічаць у турніры па настольных гульнях, дзе можна было атрымаць розныя прызы ад крамы “Кубік”.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня