Аб’ём спажывецкага крэдытавання ўстанавіў новы рэкорд
Запазычанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах павялічылася за першы квартал на 8,6% да рэкордных 3,27 млрд рублёў, сведчаць статдадзеныя Нацыянальнага банка.
У сакавіку запазычанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах павялічылася на 93,3 млн рублёў, ці амаль на 3%.
Нагадаем, за мінулы год аб’ём спажывецкага крэдытавання вырас на 75% да 3 млрд рублёў на пачатак гэтага года. Нацыянальны банк у сакавіку гэтага года заявіў аб тым, што высокія тэмпы спажыўкрэдытавання могуць ствараць рызыку павелічэння праблемнай запазычанасці, і ў красавіку зацвердзіў інструкцыю аб новых умовах спажывецкага крэдытавання.
Згодна з дакументам з 1 мая банкі павінны разлічваць пры выдачы спажывецкіх крэдытаў фізічным асобам каэфіцыент пазыковай нагрузкі. Гэты паказчык павінен вызначацца як працэнтныя суадносіны памеру штомесячнага плацяжу па аперацыях крэдытнага характару да памеру сярэднямесячнага даходу пазычальніка. Гэты каэфіцыент не павінен перавышаць 40%.
„Нашы ацэнкі паказваюць, што прыкладна 20% сённяшніх кліентаў нам прыйдзецца адмовіць у выдачы крэдыту пасля ўваходжання ў сілу новых умоў крэдытавання”, — расказаў БелаПАН член праўлення аднаго з камерцыйных банкаў.
Пры гэтым банкіры лічаць прыняты падыход, згодна з якім плацяжы па крэдытах павінны складаць не больш за 40% сярэднямесячнага даходу кліента, не зусім карэктным.
„Гэты падыход у шэрагу выпадкаў не дазваляе карэктна ацаніць плацежаздольнасць кліента. Бо ў аднаго даход 500 рублёў, і яму нават 20% заробку можа быць цяжка накіраваць на плацяжы па крэдыце, а ў іншага 2.000 рублёў, і ён гатовы больш за 50% грашовага даходу аддаваць за карыстанне крэдытам”, — кажа суразмоўца БелаПАН у банкаўскіх колах.
На думку прадстаўнікоў камерцыйных банкаў, зацверджаны Нацбанкам каэфіцыент пазыковай нагрузкі быў выбраны ў тым ліку для таго, каб абмежаваць доступ больш багатай часткі насельніцтва да спажывецкіх крэдытаў.
„Цалкам відавочна, што больш багатая частка насельніцтва прыцягвала крэдыты на куплю дарагіх тавараў, якія часта з’яўляюцца імпартнымі”, — адзначае топ-менеджар камерцыйнага банка.
Беларускія эканамісты лічаць, што Нацбанк шляхам абмежавання ўнутранага попыту на крэдытныя рэсурсы спрабуе вырашаць некалькі задач.
„У 2017 годзе ў Беларусі пачаўся крэдытны бум, і рэгулятар спрабуе знізіць верагоднасць негатыўных наступстваў такога буму. Бо крэдытны бум можа прыводзіць да росту неабслугоўваных крэдытаў, да ўсплёску інфляцыі і да ўзмацнення націску на плацежны баланс за кошт павелічэння імпарту”, — адзначыў у каментары БелаПАН старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.
Падобнага да гэтага меркавання прытрымліваюцца і іншыя аналітыкі фінансавага рынку. „Нацбанк хоча, каб у яго былі аператыўныя рычагі рэагавання на сітуацыю, у выпадку калі рост спажывецкага крэдытавання, які генерыруе рост імпарту, пачне прыводзіць да пагаршэння плацежнага балансу”, — мяркуе старшы аналітык форэкс-брокера Forex Club Валерый Палхоўскі.
Паводле інфармацыі БелаПАН, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця, які крэдытуе Беларусь, раней рэкамендаваў беларускім уладам прыняць меры па абмежаванні тэмпаў росту спажывецкага крэдытавання. БелаПАН