Выдзелены сродкі на будаўніцтва дарог на Падляшшы



Ёсць грошы на будаўніцтва дарог у падляшскіх паветах і гмінах. Амаль 26 мільёнаў злотых атрымаюць з бюджэта дзяржавы 14 самакіраванняў з Падляшскага ваяводства. Адрамантаваныя будуць між іншым дарогі з Саколкі ў Кундзічы, з Дзядковіцаў у Долубова ды дарога ў вёсцы Дабравода. Важная інвестыцыя – гэта спалучэнне двух паветаў Сямятыцкага і Бельскага на трасе з Браньска ў Дзядковіцы, кажа сямятыцкі стараста Ян Залеўскі:

– Будуем дарогу праз Долубова ў кірунку Браньска на Бельск. Частку дарогі будуе Бельскі павет. У будучым думаем пра завяршэнне  ўсяго ўчастка, які б злучыў дзве гміны Браньск з Дзядковіцамі і два паветы Бельск-Падляшскі і павет Семятыцкі.

У гэтым месяцы Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі прызначыла 11 мільёнаў на рамонт знішчаных веснавым разводдзем дарогаў між іншым у Бельскім ды Сакольскім паветах. 5 мільёнаў далажыў маршалак Падляшскага ваяводства на будову павятовых і гмінных дарогаў.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gminalomza.pl